viasna on patreon

Міністэрства замежных справаў Польшчы не зрабіла ніякіх высноваў са справы Алеся Бяляцкага

2012 2012-10-19T07:57:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/perasled.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністэрства замежных справаў Польшчы не зрабіла ніякіх высноваў са справы Алеся Бяляцкага, які быў асуджаны на падставе польскіх і летувіскіх фінансавых дакумэнтаў, перададзеных беларускім уладам – паведамляе сёньня на першай паласе „Rzeczpospolita”. МЗС выслаў прыкладна 30 беларускім апазыцыянерам падатковыя дэклярацыі за грошы, якія яны атрымалі ў Польшчы за ўдзел у Канфэрэнцыі грамадзянскай супольнасьці падчас саміту Ўсходняга партнэрства.

Гэтыя сродкі, праўда, не былі замежнай дапамогай, якая забаронена беларускім законам, а толькі камандзіровачнымі за ўдзел у канфэрэнцыі. Паводле словаў прэс-сакратара МЗС Марціна Басацкага, аніводзін беларус пакуль што не сустрэўся зь ніякімі непрыемнасьцямі з боку беларускіх уладаў з прычыны польскіх дэклярацый. Тым ня менш, беларускі рэжым можа выкарыстаць гэтыя дакумэнты супраць апазыцыі.

Паводле намесьніка міністра замежных справаў Польшчы Катажыны Пэлчыньскай-Налэнч, нават у Беларусі камандзіровачныя не падпадаюць пад рубрыку «замежная дапамога». Пры гэтым чыноўніца падкрэсьліла, што калі беларускія партнэры просяць не высылаць падатковых дэклярацый, то польскі бок не высылае.

К.Пэлчыньска-Налэнч: Гэта не фінансаваньне беларускай апазыцыі, гэта камандзіровачныя за ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі, а гэта не пярэчыць беларускаму заканадаўству. Гэтыя рэчы трэба адрозьніваць... Але калі нехта з нашых беларускіх партнэраў нас просіць альбо ў будучыні папросіць, каб мы не высылалі ніякіх дакумэнтаў, то, зразумела, гэтую просьбу мы выканаем.

Сярод удзельнікаў Канфэрэнцыі грамадзянскай супольнасьці падчас саміту Ўсходняга партнэрства, пра які паведамляе „Rzeczpospolita”, быў Уладзімір Някляеў. Тэарэтычна, ён таксама павінен атрымаць падатковую дэклярацыю з Варшавы. Але палітык кажа, што нічога не атрымаў і ўвогуле ня хоча камэнтаваць згаданую справу, бо пра яе чуў толькі са сродкаў масавай інфармацыі й ня мае пацьверджаньня з польскага боку.

У сваю чаргу старшыня аргкамітэту па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі сказаў нам, што сапраўды, некаторыя яго знаёмыя апазыцыянеры атрымалі польскія дэклярацыі па пошце. Аднак ён не атрымаў... Палітык не выключае, што гэтыя польскія паперы без праблемаў можа выкарыстаць рэжым, у прыватнасьці, падатковыя органы.

Дарэчы, ёсьць інфармацыя, што Міністэрства замежных справаў Польшчы пасьля скандалу вакол Алеся Бяляцкага быццам бы вучыць прадстаўнікоў польскіх няўрадавых арганізацый, каб не высылаць падатковых дэклярацый ды іншых фінансавых дакумэнтаў у Беларусь. Вось толькі шкада, што не навучыла гэтаму ўласных супрацоўнікоў, а менавіта ад іх трэба было б пачаць, перадае польскае radyjo.net

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства