Гучны судовы працэс пачынаецца ў Оршы
18 кастрычніка ў судзе Аршанскага раёна і горада Орша
пачынаюцца слуханні па гучнай крымінальнай справе. Двойчы лаўрэат
рэспубліканскага конкурсу ўтрымання жылля і дзіцячых пляцовак, былы кіраўнік
асацыяцыяй уласнікаў жылля «Юнацтва - Орша» Юры Дудкін абвінавачваецца ў
педафіліі.
Пасяджэнне будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Дудкін інкрымінуецца 33 эпізоды
парушэння артыкула 168 КК РБ «Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага
характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту». Старшынстваваць
на працэсе будзе Таццяна Рыбакова, падтрымліваць абвінавачванне Кацярына Дзявіцына.
Асаблівая ўвага грамадскасці да гэтай справы праявілася пасля таго, як кандыдат
у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на нядаўніх выбарах Мікалай Петрушэнка
абвінаваціў аршанскія ўлады ў пакрывальніцтве педафіла, пра што мы нядаўна
пісалі. У выніку на самога Петрушэнку была ўзбуджаная крымінальная справа за
паклёп. У сераду ў Аршанскім следчым камітэце Мікалая Сямёнавіча азнаёмілі з
вынікамі праведзенай лінгвістычнай экспертызы. Як ён сам паведаміў нашаму
карэспандэнту, пра вынікі гэтай экспертызы расказаць пакуль нельга, бо ім
дадзеная падпіска аб неразгалошванні матэрыялаў следства, але лічыць, што пасля
экспертызы справа ў дачыненні да яго павінна быць спынена.