У дакладзе ПАСЕ шмат гаворыцца пра ГА “БАЖ” і яго сябраў
ГА “БАЖ” пераклала вытрымкі з дакумента, якія тычацца сітуацыі ў Беларусі, а таксама агульныя высновы. Папярэдняя версія дакладу Камітэта па культуры, адукацыі, навуцы ПАСЕ “Стан свабоды СМІ ў Еўропе” размешчаны на сайце ПАСЕ.
“12. Асамблея асуджае сістэматычныя парушэнні свабоды СМІ ў Рэспубліцы Беларусь і нагадвае яе ўраду пра яго абавязальніцтвы адпаведна з артыкуламі 9, 19 і 25 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Для Беларусі, якая з’яўляецца краінай-кандыдатам на членства ў Савеце Еўропы і ўдзельнікам Еўрапейскай Культурнай Канвенцыі, створана закнадаўства Савета Еўропы, у тым ліку прэцэдэнтнае права Еўрапейскага суда па правах чалавека, з’яўляецца належнай сістэмай каардынат для ўладаў. У гэтым кантэксце Асамблея вітае зацвярджэнне Саветам ААН па правах чалавека Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь і прапануе Спецыяльнаму дакладчыку супрацоўнічаць з адпаведнымі камітэтамі Асамблеі.
13. Асамблея заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь належным чынам расследаваць знікненне фотажурналіста Дзмітрыя Завадскага ў 2000 годзе і смерць заснавальніка навінавага сайта "Хартыя-97" Алега Бябеніна ў 2010 годзе, неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага з турмы і Антона Сурапіна з-пад нагляду, адмяніць прысуды Ірыне Халіп, Андрэю Пачобуту, Паўлу Свярдлову, Юліі Дарашкевіч і Ірыне Козлік, адхіліць абвінавачанні супраць Наталлі Радзінай, Андрэя Пачобута, Паўла Еўціхіева, Андрэя Ткачова, Рамана Пратасевіча, Алега Шрамука і Сяргея Бяспалава, спыніць практыку выдачы адміністрацыйных папярэджанняў СМІ і аб'яднанням у адпаведнасці з Меркаваннямі Венецыянскай камісіі ад 17 - 18 снежня 2010 г. і 17-18 чэрвеня 2011 г...
28. Выказваючы сваю занепакоенасць у сувязі з афіцыйным папярэджаннем Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) ад Міністэрства юстыцыі Беларусі 13 студзеня 2010 года, Асамблея звярнулася ў пункце 14 Рэкамендацыі 1897 (2010) да Венецыянскай камісіі для аналізу сумяшчальнасці такога папярэджання з універсальнымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.
29. У адказ на гэтую просьбу Венецыянская камісія прыйшла да высновы ў сваім Меркаванні ад 17-18 снежня 2010 года:
"100. Загад Міністэрства юстыцыі абмежаваў права групы журналістаў на свабоду выказвання меркаванняў і права шукаць і распаўсюджваць інфармацыю. Каб мець магчымасць карыстацца свабодай выказвання, трэба, каб журналісты мелі эфектыўную абарону іх прафсаюза ці асацыяцыі. Адмаўляючы БАЖ у праве выпускаць прэс-карты для сваіх журналістаў, беларускія улады адмаўляюць гэтым журналістам у праве на абарону іх інтарэсаў Асацыяцыяй. У той жа час, унутраная прававая сітуацыя пазбаўляе асацыяцыю журналістаў, БАЖ, эфектыўных механізмаў для абароны інтарэсаў сваіх сябраў.
101. Загад Міністэрства юстыцыі, па меркаванні Венецыянскай камісіі, парушае артыкулы 19 і 2 МПГПП (Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах) і артыкулы 11 і 10 ЕКПЧ (Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека).
102. Акрамя таго, паколькі загад Міністэрства юстыцыі стварае дыскрымінацыйную сітуацыю, ён таксама ўяўляе сабой парушэнне артыкула 26 МПГПП і артыкула 14 ЕКПЧ ў спалучэнні з артыкулам 10 ЕКПЧ, і Пратаколам № 12 да ЕКПЧ".
30. Другое Меркаванне, прынятае Венецыянскай камісіяй 17-18 чэрвеня 2011 года, утрымлівае такую ж выснову ў дачыненні да афіцыйных папярэджанняў Беларускаму Хельсінкскаму камітэту.
Беларускія ўлады ўсё яшчэ не адрэагавалі на гэтыя Меркаванні.
31. У 2012 годзе Савет ААН па правах чалавека заснаваў мандат Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь. На жаль, Расія прагаласавала супраць стварэння гэтай пасады і Малдова ўстрымалася, але ўсе астатнія еўрапейскія дзяржавы-ўдзельніцы Савета ААН па правах чалавека прагаласавалі “за”. Асамблея павінна запрасіць Дакладчыка да супрацоўніцтва з адпаведнымі камітэтамі Асамблеі.
34. 3 верасня 2010 года Алег Бябенін, рэдактар крытычнага сайта “Хартыя-97”, быў знойдзены павешаным на лецішчы пад Мінскам. Яго сям'я паведаміла пра сляды сур'ёзных пашкоджанняў на яго целе і адхіліла афіцыйную версію самагубства. Бябенін пісаў пра выпадкі карупцыі і парушэнне правоў чалавека. Раней ён ужо атрымліваў пагрозы. У 2011 годзе паведамлялася, што сайт “Хартыя-97” быў адным з тых, якія блакаваліся па распараджэнні ўраду...
53. Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў снежні 2010 года дамінаванне дзяржавы ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку на тэлебачанні, у газетах, а таксама няспынны пераслед крытычных і незалежных журналістаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычных апанентаў прывялі да міжнароднага рашэння – выбары праваліліся па ўсіх прыкметах справядлівасці. У снежні 2010 года, адразу ж пасля галасавання, шасці сябрам няўрадавай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (Мінск) былі прад'яўленыя палітычна матываваныя абвінавачванні ў арганізацыі масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў.
54. У рэдакцыі апазіцыйнага сайта “Хартыя-97” былі праведзены ператрусы, і кампутары і інфармацыя былі канфіскаваныя. Яго рэдактар Наталля Радзіна была затрымана на 39 дзён пасля арышту 19 снежня 2011 года, а затым пакінула краіну. Гэты цяжкі пераслед рэдактараў “Хартыі-97” паследаваў пасля падазронай смерці ў 2010 годзе Алега Бябеніна, рэдактара вэб-сайта.
55. Андрэй Пачобут, карэспандэнт польскага выдання “Gazeta Wyborcza”, быў асуджаны па абвінавачванні ў абразе прэзідэнта Лукашэнкі. Вядомая журналістка Ірына Халіп была прызнаная вінаватай у арганізацыі пратэстаў. Абодва атрымалі ўмоўныя тэрміны зняволення. У перыяд з мая па ліпень 2011 года па меншай меры 12 журналістаў і працаўнікоў СМІ былі затрыманыя або збітыя міліцыяй падчас асвятлення новай серыі папулярных буйнамаштабных мірных вулічных акцый пратэсту, і міліцыя канфіскавала камеры і абсталяванне для вяшчання. Пасля таго як 800 плюшавых мядзведзяў былі скінутыя над Беларуссю з самалёта (палітычная акцыя ў ліпені 2012 г.), трое журналістаў – Антон Сурапін, Юлія Дарашкевіч і Ірына Козлік – былі арыштаваныя за распаўсюджванне фатаграфій мядзведзікаў, а таксама Cяргей Башарымаў –нібыта за тое, што дапамагаў лётчыкам.
Высновы
87. Свабода выказвання меркаванняў і інфармацыі з'яўляецца краевугольным каменем эфектыўнага кіравання і росквіту дэмакратыі, а таксама адным з асноўных абавязкаў кожнай дзяржавы-ўдзельніцы ў адпаведнасці з артыкулам 10 Еўрапейскай Канвенцыі па правах чалавека.
88. Тым не менш, паліцыя і судовыя сістэмы ў шэрагу дзяржаў-удзельніц не ў стане абараніць журналістаў і належным чынам расследаваць фізічныя напады на журналістаў. Расійская Федэрацыя застаецца самай небяспечнай краінай у Еўропе для журналістаў з-за колькасці забітых журналістаў, а таксама колькасці нераскрытых забойстваў. У гэтай краіне і ва ўсіх іншых краінах, кампетэнтныя нацыянальныя ўлады павінны нарэшце зрабіць больш, каб належным чынам расследаваць гэтыя выпадкі і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
89. У Турцыі, паводле ацэнак, зняволеных журналістаў больш, чым ў любой іншай дзяржаве ў свеце. Апошнія даклады па назіранні за выбарамі Генеральнай Асамблеі паведамляюць пра перадузятае медыя-асяроддзе і іншымі недахопы ў некалькіх дзяржавах-удзельніцах. Ва ўсіх гэтых краінах свабода СМІ павінна быць узмоцнена шляхам перагляду законаў і практыкі судоў і паліцыі.
90. Апошнія выпадкі змовы СМІ і ўладальнікаў СМІ з палітыкамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі падрываюць грамадскі давер да дэмакратычных урадаў і незалежных СМІ. СМІ і органы кіравання павінны ўзяць на сябе адпаведныя абавязкі і прыняць меры супраць такіх праступкаў – у прыватнасці, з дапамогай прававых спосабаў барацьбы з карупцыяй, а таксама самарэгулявання СМІ і строгай рэдакцыйнай незалежнасці журналістаў ад уладальнікаў СМІ.
91. Паколькі многія журналісты працуюць у складаных сітуацыях, прафесійныя якасці і этыка часта сутыкаюцца са злоўжываннямі з боку ўладальнікаў СМІ і палітычных ці камерцыйных груп інтарэсаў. Дзяржавы-ўдзельніцы павінны забяспечыць, каб умовы працы журналістаў адпавядалі патрабаванням Еўрапейскай Сацыяльнай Хартыі.
92. Нягледзячы на множанне лічбавых сродкаў масавай інфармацыі, грамадскае вяшчанне застаецца адной з асноўных крыніц інфармацыі ў Еўропе і з'яўляецца неабходнай прыладай для шырокай грамадскасці ў інфармаванай дэмакратыі.
Такім чынам, грамадскія вяшчальнікі павінны быць абаронены ад палітычнага ўмяшання ў іх паўсядзённае кіравання і іх рэдактарскую працу.
93. У сувязі з гэтым вітаецца, што Еўрапейскі Вяшчальны Саюз (ЕВС) прыняў меры, каб яго ўдзельнікі адпавядалі яго дэкларацыі асноўных каштоўнасцяў, і каб распрацаваць меры для выпраўлення парушэнняў гэтых рэкамендацый.
Сам ЕВС павінен устрымацца ад правядзення мерапрыемстваў у краінах з дрэннай рэпутацыяй ў галіне правоў чалавека.
94. Савет Еўропы ў цэлым і дзяржавы-ўдзельнікі ў прыватнасці павінны актывізаваць свае намаганні ў абароне свабоды слова і інфармацыі праз СМІ. Удзельнікам і дзяржавам-назіральнікам, партнёрам за дэмакратыю і Еўрапейскаму Саюзу павінна быць прапанавана рабіць добраахвотныя ўнёскі для фінансавання дадатковых відаў дзейнасці ў гэтай галіне.
95. У межах сваёй кампетэнцыі падкамітэту Асамблеі па СМІ і інфармацыйным грамадстве даручана разгледзець пагрозы для свабоды слова і інфармацыі, у тым ліку свабоды СМІ і плюралізму. Такім чынам, ён можа адыгрываць актыўную ролю ў гэтых адносінах.