Лех Валенса пра Бяляцкага: “Ён заразіў марай пра свабоду сваіх суайчыннікаў”
Знакаміты польскі палітык і абаронца правоў чалавека патлумачыў, чаму сёлета аднаіменную прэмію атрымаў старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі.
У артыкуле, які быў апублікаваны ў часопісе Wprost, Лех Валенса разважае пра дэмакратыю ў сучасным свеце, пра каштоўнасці і высокую цану, якую часам даводзіцца плаціць за перамены да лепшага.
“Вы можаце быць асуджаныя за клопат пра іншых - і часам плаціць высокую цану. За самаадданасць, якая дае надзею і веру ў лепшую будучыню, вы можаце падвяргацца пераследам. Тым не менш, ёсць людзі, якія ўсё яшчэ вераць, нягледзячы на ўсё гэта, што можна жыць у свабодным і дэмакратычным грамадстве, нават там, дзе няма рэальнай дэмакратыі. Такая пазіцыя заслугоўвае павагі. Таму сёлета журы аддала прыз нашаму сябру з Беларусі, які заразіў сваіх суайчыннікаў марай аб свабодзе, - Алесю Бяляцкаму”, - піша палітык.
Лех Валенса падкрэсліў, што польская супольнасць павінна дапамагаць умацаванню беларускай грамадзянскай супольнасці, якая выступае супраць рэжыму Лукашэнкі. "Сёння мы дакладна бачым, што Беларусь не належыць да групы краін, якія можна назваць законапаслухмянымі і дэмакратычнымі", - падсумоўвае польскі палітык.
Прэмія імя Леха Валэнсы была заснаваная пяць гадоў таму і прызнаецца асобам, установам альбо грамадскім рухам, якія працуюць на карысць міру, салідарнай супрацы народаў, свабоды і павагі да правоў чалавека.