viasna on patreon

Слонімcкія дэпутаты супраць абароны навакольнага асяроддзя

2012 2012-10-09T21:19:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/les-smieccie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прыблізна паўтары месяцы таму група жыхароў Слоніма звярнулася ў Слонімскі раённы Савет дэпутатаў з прапановай на чарговай сесіі разгледзець пытанне наконт забароны ўезду прыватнага аўтатранспарту ў прыгарадны лес уздоўж шашы Слонім- Баранавічы, а таксама наконт увядзення мясцовых штрафаў за вываз смецця ў слонімскія лясы.

Згодна з беларускім заканадаўствам, такія калектыўныя прапановы грамадзян павінны ўключацца ў парадак дня сесіі адпаведнага Савета і разглядацца на ім у прысутнасці прадстаўніка грамадзян. Аднак старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Рагозік у сваім адказе ад 18 верасня 2012 года адмовіў грамадзянам выкарыстаць гэтае іх права для абароны навакольнага асяроддзя ў Слоніме. Узнікае пытанне: калі  ў Слоніме ўсё так добра рэгламентавана заканадаўствам, то чаму, як грыбы цёплай дажджлівай восенню, у вакольных  лясах з’яўляюцца ўсё новыя і новыя сметнікі? І чаму мясцовая ўлада не можа вырашыць гэтую праблему?

У пачатку ліпеня гэтага года кіраўнік Слонімскага дэмакратычнага згуртавання Іван Шэга асабіста звярнуўся ў Слонімскі РАУС з заявай на факт вывазу невядомымі ў лес вялікай колькасці смецця. Супрацоўнікі міліцыі вельмі хутка ўстанавілі асобу, якая гэта зрабіла. Але да сённяшніх дзён не вядома, ці пакаралі яе ці не, але гара смецця ляжыць у лесе і сёння. Больш за тое, за гэтыя паўтары месяцы ў лясным масіве каля Слоніма з’явіліся новыя сметнікі. Магчыма, калі б таго, хто вывез смецце, прымусілі яго сабраць і адвезці на гарадскую звалку за ўласны кошт, паведаміўшы пра гэта па мясцовым тэлебачанні і ў газетах, гэта прымусіла б задумацца іншых.

Сябры Слонімскага дэмакратычнага згуртавання ўжо звярталіся па праблеме забруджвання лясоў у Слонімскі райвыканкам, а цяпер вось звярнуліся ў Савет. Але ні там, ні тут адэкватнай рэакцыі на свае звароты слонімцы не ўбачылі.

Так склалася, што сёння сябры Слонімскага дэмакратычнага згуртавання  не маюць сваіх прадстаўнікоў ва ўладных структурах, фактычна пазбаўлены многіх правоў, але права скардзіцца ў вышэйшыя органы ўлады яны ўсё ж маюць. Таму, калі не будзе адпаведнай рэакцыі ад мясцовай улады, яны будуць вымушаны звяртацца са зваротамі па інстанцыях, каб усё ж прымусіць вертыкальшчыкаў сур’ёзна заняцца праблемамі экалогіі ў Слоніме.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства