Сёння вызначаць фіналістаў прэміі Сахарава
У Еўрапарламенце адбудзецца важнае галасаванне па справе прэміі імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Як паведаміў адзін з ініцыятараў вылучэнне на атрыманне прэміі зняволенага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі, сёння стане вядомая тройка фаварытаў, з ліку якіх нехта і стане сёлетнім лаўрэатам:
– Сёння будзе галасаванне спалучаных камітэтаў замежных спраў і развіцця і будзе ўстаноўлены спіс, з якога праз месяц будзе вырашана, хто з'яўляецца лаўрэатам. Хаця звычайна так бывала, што канферэнцыя старшынь Еўрапарламента прымае вердыкт з гэтага галасавання, ён не канчатковы, але ўказвае на пераможцу.
Акрамя Алеся Бяляцкага, на атрыманне прэміі “За свабоду думкі” прэтэндуе расійскі панк-гурт “Pussy Riot”, a таксама шэсць правабаронцаў і грамадскіх дзеячоў з некалькіх краін.
Уручэнне прэміі запланаванае на 12-га снежня. Раней яе атрымлівалі экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандар Мілінкевіч і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць.