Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Калінкавічы, Рэчыца, Светлагорск
Прайшоўшая выбарчая кампанія вызначалася абыякавасцю да яе з боку выбаршчыкаў і слабай актыўнасцю палітычных сіл. “Кандыдаты ад улады” выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс. Назіральнікі не мелі магчымасці бачыць бюлетэні пры падліку галасоў.
Выбарчыя камісіі
Участковыя і акруговыя выбарчыя камісіі амаль цалкам складаліся з людзей, якія былі адабраныя ўладай, хоць апазіцыйныя партыі вылучылі дзесяткі сваіх прадстаўнікоў як ад партыйных арганізацый, так і шляхам збору подпісаў грамадзян. У Рэчыцкую і Светлагорскую акруговую камісіі ўлады не ўключылі ніводнага прадстаўніка апазіцыі, у Калінкавіцкую – толькі аднаго.
Каб вытрымаць патрабаванне Выбарчага кодэксу аб удзеле ў камісіях прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, праводзіцца вылучэнне чыноўнікаў райвыканкамаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і іншых лаяльных асобаў ад праўладных прафсаюзаў, а таксама ад арганізацый БРСМ, “Белая Русь”, ветэранскіх і іншых, якіх падтрымлівае ўлада.
Участковыя выбарчыя камісіі, асабліва на выбарчых участках, цэнтры якіх знаходзіліся ў памяшканнях устаноў адукацыі, складаліся пераважна з работнікаў гэтых устаноў, а на чале камісіі стаяў дырэктар ці іншы прадстаўнік адміністрацыі. Такім чынам, камісіі складаліся з людзей, якія знаходзяцца ў службовай падпарадкаванасці, што дапаўняльна ўзмацняе кантроль уладаў над імі.
Агітацыя
Агітацыйная кампанія праходзіла фармальна. “Кандыдаты ад улады” выкарыстоўвалі ў асноўным адміністрацыйны рэсурс, праводзячы сустрэчы на прадпрыемствах, у тым ліку ў працоўны час. Як сваю перавагу перад іншымі кандыдатамі яны звычайна называлі тое, што змогуць больш паспяхова хадайнічаць у Мінску пра вырашэнне мясцовых праблем: «Как человек, имеющий опыт, я не буду тратить время на поиски той двери, куда надо отнести то или другое ходатайство, или просьбу, или заявление» – з перадвыбарчага выступу ў якасці кандыдата ў дэпутаты старшыні Светлагорскага райсавета Г. Філіповіч на прадпрыемстве “Хімвалакно”.
Распаўсюджванне друкаваных агітацыйных матэрыялаў па месцы жыхарства выбаршчыкаў вялося слаба, адзначаны шматпавярховыя дамы, у якіх выбаршчыкі не атрымалі ўлётак ніводнага кандыдата. Апазіцыйныя кандыдаты зрэдку праводзілі агітацыйныя пікеты. Кандыдаты ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі агітацыю фактычна не вялі: так, у Калінкавічах толькі на апошнім тыдні выбараў кандыдат ад ЛДП прывёз агітматэрыялы; у Светлагорску не было заўважана ніводнага друкаванага матэрыялу пра кандыдата ад гэтай партыі.
Назіранне
Сярод мясцовых назіральнікаў былі прадстаўнікі грамадскіх кампаній “За справядлівыя выбары” і “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Заўважана, што на выбарчых участках, дзе рэгістраваліся незалежныя назіральнікі, адбывалася рэгістрацыя і вялікай колькасці назіральнікаў ад праўладных арганізацый (кшталту БРСМ, “Белай Русі” і г. д.).
У раёнах пабывалі міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ і СНД. Мясцовыя дзяржаўныя СМІ паведамлялі пра станоўчыя водгукі назіральнікаў ад СНД.
Мясцовыя дзяржаўныя СМІ шмат увагі надаюць быццам бы незалежнаму назіральніку з Германіі Францу Масеру, які крытыкуе іншых замежных назіральнікаў і хваліць выбарчую сістэму ў Беларусі. Як стала вядома журналістам, пенсіянер і былы начальнік паліцыі Франц Масер, брат якога знік без вестак у Магілёўскай вобласці падчас ІІ сусветнай вайны, з дазволу Міністэрства абароны Беларусі займаецца раскопкамі нямецкіх вайсковых пахаванняў. Удзельнічаць у назіранні яму прапанавала Пасольства Беларусі ў ФРГ, гэта значыць, фактычна ён з’яўляецца назіральнікам ад беларускай дзяржаўнай установы.
Стаўленне выбаршчыкаў і СМІ
Інтарэс насельніцтва і СМІ да выбараў фактычна не праяўляўся. Усе мясцовыя СМІ ў Калінкавіцкім, Рэчыцкім і Светлагорскім раёнах кантралююцца ўладай. Дзяржаўныя газеты публікавалі толькі абавязковыя матэрыялы (афіцыйныя паведамленні і праграмы кандыдатаў), недзяржаўныя фактычна не закраналі тэму выбараў.
Мясцовыя дзяржаўныя інтэрнет-сайты таксама змяшчалі ў асноўным толькі афіцыйныя паведамленні, а незалежныя фактычна не надавалі ўвагі выбарам (за выключэннем аднаго рэчыцкага партала). Выбары не знайшлі адлюстравання на старонках у сацыяльных сетках ці форумах, прысвечаных мясцовай тэматыцы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”