Раёнка распавяла, як выбары ашчаслівілі мазырцаў
Большасць раённых газет Гомельскай вобласці падалі справаздачы з прайшоўшых 23 верасня выбараў у Палату прадстаўнікоў у традыцыйным пафасным стылі, выдаючы пажаданае (уладай) за сапраўднае.
Напрыклад, рэчыцкая газета «Дняпровец», пішучы пра наведванне выбарцамі ўчасткаў для галасавання, сказала, што «людскі паток не прыпыняўся ні на хвіліну».
А мазырская раённая газета «Жыццё Палесся» пайшла далей за ўсіх, напісаўшы па выніках, што «калі ў цябе ёсць выбар – гэта ўжо шчасце. У мінулую нядзелю шчаслівымі сталі адразу некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў Мазыра, якія прынялі ўдзел у галасаванні». No comment…
Калі верыць раённай газеце, то «на ўсіх участках было мнагалюдна». А маладыя людзі, якія ўпершыню бралі ўдзел у галасаванні, атрымлівалі ў падарунак... ручку. Аказваецца, сапращды мала трэба чалавеку для шчасця. У кожнага выбарца Мазыра была «радасць на твары». На ўчастках не толькі працавалі буфеты ды спявалі самадзейныя калектывы, але і прайшоў «майстра-клас пра прадстаўленні паслуг цырульні насельніцтву».
Заканчваецца артыкул так: «Свята атрымалася. А значыць, выбары адбыліся».
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”