viasna on patreon

8 верасьня БНФ зьбіраецца правесьці акцыю, прысьвечаную Дню беларускай вайсковай славы.

2002 2002-09-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

8 верасьня 1514 году пад Воршай, на рацэ Крапіўне адбылася адна з найбуйнейшых бітваў сярэднявечча. Трыццацітысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага на чале зь вялікім гетманам Канстанцінам Астроскім спыніла наступ маскоўскае войска на Беларусь, ушчэнт разьбіўшы праціўніка, які амаль утрая пераўзыходзіў нашыя войскi колькасьцю.

Сябры Партыi БНФ як прыватныя асобы падалi ў Менскi гарвыканкам заяўку на правядзеньне традыцыйнай акцыі, прысьвечанай Дню беларускай вайсковай славы. Мастацка-публіцыстычная акцыя мае адбыцца ля помніка Янку Купалу 8 верасьня а 17 гадзіне. Чакаюцца выступы знаных музыкаў, якiя працуюць у стылi этнагiстарычны фольк, – дудароў Зьмiтра Сасноўскага (“Стары Ольса”) i Алеся Журы, а таксама паказы рыцарскага клюбу “Вялiкае Княства”. У сьвяткаваньні прымуць удзел вядомыя беларускія культурныя, навуковыя й палітычныя дзеячы.

Традыцыйна, як вядзецца з 1991 году, пройдзе сьвяткаваньне ўгодкаў перамогі і на самым Крапівенскім полі. Сёлета яно адбудзецца 7 верасьня а 18 гадзіне й распачнецца імшой за Беларусь, якую прачытае ксёндз з аршанскага касьцёла Сьв. Язэпа. Дарэчы, у гэтым касьцёле знаходзiцца прывезеная з Варшавы копія карціны “Аршанская бітва”. Чакаецца, што акрамя ўдзельнікаў і непарэдных арганізатараў, у сьвяткаваньні прымуць ўдзел барды (найбольш вядомыя: А.Мельнікаў, Зьм.Бартосік, А.Латушкiн, А.Мухін-Рабінок), якія зладзяць канцэрт у гонар перамогі. Прыме ўдзел у сьвяткаваньні знакамiты пісьменьнік i гісторык, сябра Сойму Партыi БНФ Ул. Арлоў. Доўжыцца імпрэза будзе ўсю ноч. 8 верасьня ў Воршы ў музэі Ул.Караткевіча пройдзе прэзэнтацыя кнігі Зьм.Бартосіка “Чорны пісталет”.

Вось як сёньня ацэньваюць Аршанскую бiтву вядомыя беларускія навукоўцы і грамадзкія дзеячы.
Анатоль Грыцкевіч, прафэсар, доктар гістарычных навук, сябра Сойму БНФ “Адраджэньне”:
– Перамога пад Воршай умацавала нашую дзяржаўнасьць, яна замацавала ўсходнюю мяжу краіны, сталася прыкладам ваеннага мастацтва, на які спасылаліся ўсё нашыя ваяводы на працягу наступных трох стагодзьдзяў, яна дала прыклад перамогі войска над праціўнікам, які колькасна пераўзыходзіў нашых утрая. Перамога дала штуршок разьвіцьцю культуры, па ўсёй Эўропе яна ўзгадвалася ў літаратурных творах, выходзілі адмысловая лісткі (накшталт газэтаў) зь яе апісаньнем, складаліся песьні. У гонар перамогі Канстанцін Астроскі пабудаваў у Вільні праваслаўную царкву. Гэтая бітва ўвайшла ўва ўсе ўсходнеэўрапейскія летапісы, што кажа аб яе вялікай гістарычнай значнасьці.

Іван Саверчанка, доктар філялягічных навук, сябра Сойму Партыі БНФ:
– Перамога пад Воршай – прыклад адданасьці ваяроў усіх станаў сваёй краіне, сымбаль гатоўнасьці нашых продкаў аддаць свае жыцьці за незалежнасьць Радзімы, за захаваньне культуры, традыцыяў і этнасу. Таксама перамога пад Воршай, на той час, засьведчыла высокі цывілізацыйны ўзровень нашага грамадзтва, бо гэта была перамога зброі, адукацыі й вайсковага майстэрства. Гэта была бітва дзьвюх розных цывілізацыяў – Захаду і Ўсходу, розных культураў, розных палітычных сыстэмаў. Яна ўзмацніла пазыцыі Вялікага Княства Літоўскага на міжнароднай арэне, а асабліва ў зносінах з Польшчай і Масковіяй.

Старшыня Партыi БНФ Вiнцук Вячорка падкрэсьлiў:
– Штогадовыя сьвяткаваньнi перамогi пад Воршай напаўняюць нас гонарам за продкаў, якiя адстаялi Бацькаўшчыну ў шмат цяжэйшых умовах, чым цяперашнiя. Непасрэдная пагроза незалежнасьцi нашай краiны, якую агучыў Пуцiн, вымушае нас зноў i зноў вяртацца да ўрокаў гiсторыi: беларусы ўмелi баранiцца ад усходняе навалы ў 15 стагодзьдзi, значыць, павiнны адбiцца й цяпер.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства