Бабруйчанку выпісалі з бальніцы пасля адмовы прагаласаваць
Інгу Судзілоўскую, жыхарку Бабруйска, раптоўна выпісалі з мінскай бальніцы пасля адмовы прагаласаваць.
-Я праходзіла ў Мінску абследванне, звязанае з анкалагічным захворваннем, і наконт выпіскі мне нічога не казалі, наадварот, я чакала вынікаў аналізаў, на панядзелак у мяне было прызначанае УЗІ. Раптам, як снег на галаву - выпіска, з намёкамі на тое, што прычынай стала мая нязгода галасаваць на ўчастку № 267. Ён утварыўся ў бальніцы ў дзень асноўнага галасавання.
-Сняданак павінен быў у нас пачацца ў 8 раніцы, але не пачаўся, пакуль усе не прагаласавалі. Ужо з гэтага часу ўвесь медперсанал быў на нагах, і ніхто з загадчыкаў аддзяленняў не меў права сыйсці, “пакуль мы не выканаем свой грамадзянскі абавязак”. Ужо да 15.00 справа была зробленая. Мяне ж доўга прымушалі пайсці на ўчастак, але я адмаўлялася, і нават прыгразіла: “Калі будзеце прымушаць, паклічу сюды прадстаўнікоў АБСЕ”, старшыня камісіі мне крыкнуў: “З вамі яшчэ заўтра паразмаўляюць!”
Жанчына дадае, што акрамя яе адмовіўся галасаваць яшчэ адзін хлопец.
-Не ведаю, што і думаць, але на наступны дзень, калі я ўжо стаяла з рэчамі на выхад, бачыла гэтага хлопца у фае таксама апранутым у цёплую вопратку, але выпісалі яго насамрэч ці не, не ведаю. Мне ж сказалі “вы самі ўсё разумееце”, і адправілі дахаты. Заўважу, што да выбараў размова пра маю выпіску нават не ўздымалася, - сцвярджае бабруйчанка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”