viasna on patreon

Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Магілёў

2012 2012-09-24T19:36:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/magileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Магілёў. Ратуша.

Магілёў. Ратуша.

Агульная інфармацыя

У Магілёўскай вобласці падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання было ўтворана 13 выбарчых акругаў (№№78-90). Непасрэдна ў Магілёве такіх акругаў было чатыры (№№84-87).

 

Інфармацыя аб выбарах у мясцовых дзяржаўных СМІ

На самым першым этапе выбарчай кампаніі мясцовыя друкаваныя СМІ абыходзілі тэму парламенцкім выбараў поўным маўчаннем. У газетах “Веснік Магілёва”, “Магілёўскія ведамасці”, “Магілёўская праўды”, “Днепровская неделя” і “Вечерний Могилёв” выкарыстоўваліся выключна перадрукоўкі матэрыялаў інфармацыйнай агенцыі навінаў БелТА. Сваіх уласных матэрыялаў, прысвечаных выбарчай тэматыцы, у газетах не было.

У адрозненні ад мінулых кампаній, мясцовыя СМІ устрымліваліся ад палівання брудам апазіцыі і апазіцыйных кандыдатаў. Самі ж апазіцыйныя партыі мясцовыя СМІ ў сваіх публікацыях не ўзгадвалі, а называлі іх проста “іншымі” палітычнымі партыямі і арганізацыямі.

Перадвыбарчыя тэксты кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовых СМІ друкаваліся без істотных праблем.

Адзіным зафіксаваным выпадкам была сітуацыя з кандыдатам у дэпутаты ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Ліліяй Сівакой, якой намеснік галоўнага рэдактара газеты “Магілёўскія ведамасці” Генадзь Ляхаў без яе згоды выкінуў з тэксту адну фразу “Усё вырашае толькі адзін”.

 

Пазіцыя Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл адносна выбараў

Як толькі стартавала выбарчая кампанія, Магілёўская абласная кааліцыя дэмакратычных сіл 28 чэрвеня прыняла заяву, у якой заклікала жыхароў Магілёўшчыны байкатаваць парламенцкія выбары. На думку мясцовых дэмакратаў, не былі створаны належныя ўмовы для правядзення свабодных выбараў, у тым ліку не адбылося зменаў выбарчага заканадаўства.

 

Утварэнне акруговых выбарчых камісій

У склад 13 акруговых выбарчых камісій прадстаўнікі дэмакратычных сіл вобласці вылучылі 30 сваіх прадстаўнікоў. Не вылучаны былі прадстаўнікі толькі ў склад Бабруйскай сельскай выбарчай акругі №80.

У агульным раскладзе сіл Партыя БНФ і Рух БНФ “Адраджэньне” вылучылі 11 прэтэндэнтаў, Беларуская партыя левых “Сапвядлівы свет” -10, АГП – 9.

У выніку патрапіць у склад акруговых выбарчых камісій здолела ўсяго тры прадстаўнікі апазіцыі: два прадстаўнікі партыі “Справядлівы свет” і адзін прадстаўнік АГП. Па аднаму прадстаўніку АГП і “Справядлівага свету” увайшло ў склад магілёўскіх акруговых камісій, адзін прадстаўнік “Справядлівага свету” патрапіў у склад адной з Бабруйскіх акруговых камісій.

 

Утварэнне ўчастковых выбарчых камісій

На паламенцкіх выбарах 2012 года на Магілёўшчыне было ўтворана 809 выбарчых участкаў, што на 30 меней, чым было на мінулых парламенцкіх выбарах.

77 прадстаўнікоў апазіцыі было вылучана ў склад участковых выбарчых камісій ад розных палітычных партый і арганізацый, аднак ніхто з іх туды не быў уключаны. Усім было адмоўлена па розных прычынах – пенсійны ўзрост, няма вопыта працы ў камісіяй, беспрацоўны і г.д.

Абскарджванне неўключэння прадстаўнікоў апазіцыі праз суд не прынесла ніякіх вынікаў.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што камісіі ў сярэднім мелі колькасны склад 15 чалавек. Законам дазваляецца максімум 19 чалавек, і прычын неўключэння ў склад участковых камісій прадстаўнікоў апазіцыі ён не бачыць.

 

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп

На Магілёўшчыне былі зарэгістраваны амаль усе ініцыятыўныя групы апазіцыйных прэтэндэнтаў у дэпутаты. Выключэннем сталі ініцыятыўныя групы Мікалая Статкевіча.

 

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты ў Магілёве

Магілёўская-Ленінскай выбарчая акруга №84

Не прайшоў рэгістрацыю магілёўскі лідэр арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Сяргей Брыцікаў. Нагодай для адмовы ў ягонай рэгістрацыі стала недакладная інфармацыя ў дэкларацыі. Ён не ўключыў акцыі прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў ягонай уласнасці. Сяргей Брыцікаў лічыць, што гэта было неістотнае парушэнне і абскарджваў адмову ў рэгістрацыі ў вышэйстаячых інстанцыях.

Магілёўская-Цэнтральная выбарчая акруга №85

Адмоўлена ў рэгістрацыі актывісту Руху “За свабоду” Рыгору Антановічу. Перад падачай дакументаў у акруговую камісію з ім здарыўся абшырны інфаркт, і ён аказаўся ў шпіталі. Сам падаць подпісы не здолеў, і яны разам з іншымі дакументамі былі накіраваны ў акруговую камісію заказным лістом. У рэгістрацыі Антановічу было адмоўлена ў сувязі з тым, што не было асабістай падачы дакументаў у акруговую камісію.

Магілёўская-Кастрычніцкая выбарчая акруга №86

Не зарэгістравана Ала Жарнасек, якая вылучалася ў дэпутаты шляхам збору подпісаў. Праверка выявіла, што ў яе болей за 15% подпісаў несапраўдныя.

Не зарэгістравана таксама вылучэнка ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ) Ганна Ефімовіч. У яе былі выяўлены недакладнасці пры запаўненні дэкларацыі.  

Магілёўская-прамысловая выбарчая акруга №87

Усе прэтэндэнты ў дэпутаты па выбарчых акругах прайшлі паспяховую рэгістрацыю.

Магілёўская сельская выбарчая акруга №88

Усе прэтэндэнты ў дэпутаты па выбарчых акругах прайшлі паспяховую рэгістрацыю.

Збор подпісаў

Збор подпісаў у Магілёве за праўладных кандыдатаў адбываўся з выкарыстоўваннем адміністрацыйнага рэсурсу. Было зафіксавана шэраг выпадкаў, калі на працоўных месцах і ў інтэрнатах рабочых прымушалі падпісвацца за таго ці іншага вылучэнца ад улады.

Збіраць жа подпісы ў шэрагу інтэрнатаў за апазіцыйных кандыдатаў было забаронена. Вышэйстаячае начальства забараняла адміністрацыі інтэрнатаў прапускаць зборшчыкаў подпісаў з любой нагоды. У гэтым пытанні вызначыўся начальнік чатырох інтэрнатаў Павел Шышоў, які арганізаваў две скаргі на кандыдатаў Леаніда Падбярэцкага і Уладзіміра Пунчанка ў акруговыя камісіі за тое, што члены іх ініцыятыўных груп спрабавалі патрапіць унутр інтэрнатаў для збору подпісаў.

Тым часам у гэтых жа інтэрнатаў у нахабную адбываўся збор подпісаў за праўладных вылучэнцаў пракурора Эдуарда Сянкевіча і дзеючага дэпутата парламента Ўладзіміра Васіленку.

Трэба адзначыць, што адным зборшчыкам подпісаў у вахцёркі інтэрната быў заўважаны чорны спіс асобаў (зборшчыкаў подпісаў), якім забаронены ўваход у інтэрнат пад любой нагодай.

 

Агітацыя

Агітацыйная кампанія ў горадзе адбывалася фактычна незаўважна для магілёўскіх выбаршчыкаў. Было бачна, што толькі два кандыдаты ў дэпутаты, якіх падтрымлівала грамадзянская кампанія “Гавары праўду” – гэта Леанід Падбярэцкі і Аксана Закрэўская, амаль штодзённа выстаўлялі свае агітацыйныя пікеты ў дазволеных уладамі месцах.

Члены каманд узгаданых кандыдатаў распаўсюджвалі свае ўлёткі не толькі па паштовых скрынках, аднак і ў людных месцах горада – на прыпынках грамадскага транспарту і рынках.

Сустрэчы з выбаршчыкамі спрабавалі праводзіць толькі кандыдаты Тацяна Кузьмянкова (спарынг-партнёр праўладнага кандыдата Эдуарда Сянкевіча) і Леанід Падбярэцкі. На сустрэчу з першай кандыдаткай прыйшло каля 10 чалавек. На 4 сустрэчы Леаніда Падбярэцкага, якія адбываліся ў актавых залах школ №15, 35, 40 і Палацы культуры чыгуначнікаў, не прыйшоў ні адзін чалавек. Інфармаваннем аб сустрэчах з кандыдатамі займаліся выключна акруговыя камісіі.

Кандыдатам у дэпутаты было адмоўлена ў размяшчэнні агітацыйных улётак у тралейбусах і аўтобусах Магілёва.

Тэле-дэбаты адбыліся толькі на чатырох з 13 выбарчых акругах. Праўладныя кандыдаты, за выключэннем пракурора Эдуарда Сянкевіча, ад тэледэбатаў устрымліваліся.

Быў зафіксаваны выпадак, калі выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс пры агітацыі ў СМІ за праўладную кандыдатку Людмілу Старасціну. Газета “Веснік Магілёва” адвяла для расповяду пра яе цэлую старонку фармату А3.

Тым часам, вядомы выпадкі, калі адбываліся сустрэчы праўладных кандыдатаў у дэпутаты з працоўнымі калектывамі. Прыклад гэтаму -- ужо кандыдат Эдуард Сянкевіч. Іншым кандыдатам у дэпутаты ў правядзенні такіх сустрэч з працоўнымі калектывамі было адмоўлена.

Трэба таксама адзначыць, што відэавыступы тых кандыдатаў, якія заклікалі да байкоту, не паказваліся па тэлебачанні (кандыдаты ад АГП), гэтаксама як і не друкаваліся іх улёткі ў друкарнях як дзяржаўных, так і прыватных (кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў).

За правядзенне пікета ў нявызначаным мясцовымі ўладамі месцы быў затрыманы кандыдат Леанід Падбярэцкі. Ён забыў уведаміць акруговую камісію за 2 дні аб жаданні правесці пікет і правёў яго ў нявызначаным месцы. За гэта ён быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ў РАЎС для разбіральніцтва. Ужо вечарам таго дня ягоная адміністрацыйная справа была закрыта і праз некалькі дзён за гэты інцыдэнт ён атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад акруговай камісіі.

Кандыдат Аксана Закрэўская была ўведамлена аб тым, што калі не перастане выкарыстоўваць герб горада ў сваіх перадвыбарчых агітацыйных матэрыялах, то атрымае штраф у памеры 2 млн рублёў. Прычынай такой нязвыклай просьбы стаў ліст з гарвыканкаму, які быў накіраваны ў акруговую камісію №87. У выніку Закрэўская адмовілася перарабляць агітацыйную прадукцыю, бо большая частка яе ўжо была распаўсюджана. Пагроза штрафу засталася толькі пагрозай на паперы.

Ахвярай выбарчай кампаніі стаў актывіст БСДП (Грамады) Мікалай Залозны, на якога падчас выбарчай кампаніі ўзмацніўся ціск, і яго звольнілі з працы. Ён працаваў сантэхнікам пад начальствам ужо ўзгаданага Паўла Шышова, які курыраваў інтэрнаты. Як толькі той даведаўся, што Мікалай Залозны ўваходзіць у ініцыятыўную групу Леаніда Падбярэцкага, пачаў на яго ціснуць – дэпрэміраваў двойчы, прымусіў рабочых пісаць на яго дакладныя штодня, знялі ўсе працоўныя надбаўкі, перавялі на іншая месца працы і ў выніку далі на падпісанне новы ўзор кантракту, які Мікалай Залозны падпісаць адмовіўся.

 

Датэрміновае галасаванне

Падчас датэрміновага галасавання ў Магілёве большасць назіральнікаў знаходзілася на выбарчых акругах №85 і 87. На астатніх акругах цэнтралізаванае назіранне фактычна адсутнічала праз няхватку назіральнікаў і сродкаў.

Усе назіральнікі фіксавалі нізкую яўку выбаршчыкаў і прыпіскі ў пратаколах аб колькасці прагаласаваўшых. Зафіксаваны выпадкі, калі яўку штодзённа павялічвалі ў канцы дня ў 2-7 разоў. Вынікі падліку колькасці прагаласаваўшых у назіральнікаў з лічбамі ў пратаколах у канцы дня не сыходзіліся амаль на ўсіх участках.

Падчас датэрміновага галасавання традыцыйна былі зафіксаваны выпадкі прымусовага галасавання, калі рабочых і студэнтаў, а таксама жыхароў інтэрнатаў прымушалі галасаваць датэрмінова, пагражаючы расправай, калі яны не прагаласуюць.

 

Дзень выбараў

У дзень выбараў магілёўскія назіральнікі і праваабаронцы фіксавалі нізкую яўку выбаршчыкаў. Выбарчыя ўчасткі для галасавання былі амаль пустыя. У сярэднім агульная яўка выбаршчыкаў не перавышала 35-40% на большасці выбарчых участкаў.

Кіраўнікі выбарчых камісій не ішлі на супрацоўніцтва з назіральнікамі ад апазіцыйных партый і арганізацый. Яны не прадастаўлялі ім звесткі аб колькасці прагаласаваўшых, агульнай колькасці выбаршчыкаў на ўчастку і г.д.

Калі ж назіральнікі пачыналі пісаць скаргі на членаў камісій, то іх у некаторых выпадках альбо не прымалі, альбо прымалі і адразу назіральнікам выносілі папярэджанні і выдалялі іх з участкаў для галасавання.

Вядома, што з участкаў для галасавання былі выдалены назіральнікі Юрый Дарашэнка, Мікалай Расюк, Ларыса Шукайла, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Аксаны Закрэўскай Аксана Самуйлава. Апошняя стала сведкай таго, як пад сталом ускрылі скрыню для датэрміновага галасавання і пачалі туды ўкідваць бюлетэні. Пасля таго, як Самуйлава зрабіла заўвагу, яе выдалілі з выбарчага ўчастка.

У Магілёве былі таксама зафіксаваны каля выбарчых участкаў аўтобусы, якія, верагодна, удзельнічалі ў гэтак званых “каруселях”, аднак дакладна сцвярджаць, што такія выпадкі мелі месца, не вынікае – не хапае звестак.

На некаторых участках колькасць прагаласаваўшых на даму складала амаль 30% (выбарчы ўчастак №65).

 

Высновы

На самым пачатку арганізацыі незалежнага назірання за парламенцкімі выбарамі быў затрыманы магілёўскі каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары 2012” Юрый Новікаў. У яго былі канфіскаваны ўсе матэрыялы, якія датычыліся арганізацыі незалежнага назірання, а гэта працоўныя сшыткі назіральнікаў, брашуры-памяткі назіральнікаў і інфармацыйны бюлетэнь. Гэта паказвала на тое, што мясцовая ўлада не зацікаўлена ў тым, каб назіральнікі выкрывалі фальсіфікацыі на выбарах.

Трэба адзначыць, што выбаршчыкі прагаласавалі па-свойму – нагамі, то бок яны проста не прыйшлі на выбары, і ўлады мусілі выкручвацца і штучна завышаць яўку выбаршчыкаў.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства