У палітзьняволенага Артура Фінькевіча праведзены незаконны дагляд рэчаў на працоўным месцы
Як паведаміў ПЦ "Вясна" моладзевы актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне "на хіміі" у Магілёве, раніцай да яго на працу прыйшоў оперупаўнаважаны сьпецкамендатуры № 43 лейтэнант Мурашка Юрый Сяргеевіч, які спачатку правёў гутарку з кіраўніцай установы наконт паводзінаў асуджанага: ці ёсьць прэтэнзіі да ягонай працы альбо нейкія скаргі, ці праводзіць ён нейкую агітацыю, ці распаўсюджвае друкаваныя выданьні і г.д. Пасьля гэтага міліцыянт фактычна прымусіў кіраўніцу правесьці яго ў памяшканьне, дзе пераапранаецца Артур Фінькевіч разам з іншымі супрацоўнікамі ўстановы, і без усялякіх дакументаў правёў агляд усіх рэчаў, якія там знаходзіліся.
"Оперупаўнаважаны Мурашка дзейнічаў незаконна. Ён праводзіў дагляд рэчаў без патрэбных на гэта дакументаў, таксама ня быў складзены пратакол дагляду, а між тым акрамя мяне ў памяшканьні перапранаюцца яшчэ 2 чалавек, і абшукваць іх рэчы ён зусім ня меў ніякага права. Такім чынам быў груба парушаны пункты 29 і 31главы 8 палажэньня "Правілаў унутранага распарадку для ўстановаў адкрытага тыпу" ад 30 лістапада 2000 году, зацьверджанага міністрам унутраных спраў Уладзімірам Навумавым. Безумоўна, я буду зьвяртацца са скаргай на дзеяньні міліцыянта, але відавочна, што зараз яны шукаюць любую зачэпку, каб вынесьці мне трэцяе папярэджаньне і накіраваць у калонію," - патлумачыў "Вясьне" палітзьняволены Артур Фінькевіч.