Заяву аб зьняцьці сваёй кандыдатуры з удзелу ў выбарах падаў гарадзкой выбарчай камісіі вядомы актывіст незалежных прафсаюзаў і праваабаронца Аляксандар Каралёў
У магілёўскіх выбарчых бюлетэнях ня будзе прозьвішча яшчэ аднаго кандыдата ў дэпутаты гарадзкога савета ад мясцовай дэмакратычнай плыні. Афіцыйную заяву аб зьняцьці сваёй кандыдатуры з удзелу ў выбарах падаў гарадзкой выбарчай камісіі вядомы актывіст незалежных прафсаюзаў і праваабаронца Аляксандар Каралёў. Ён вылучаўся ў кандыдаты шляхам збору подпісаў, якіх разам з сваімі паплечнікамі назьбіраў значна больш, чым патрабавалася для рэгістрацыі. Вельмі актыўна ягоныя давераныя асобы і ён сам праводзілі і агітацыйную кампанію.
Паводле меркаваньня многіх выбаршчыкаў ягонай акругі, Аляксандар Каралёў меў бы рэальны шанец быць абраным у гарадзкі савет, але, зразумела, пры ўмове арганізацыі і правядзеньня мясцовых выбараў па дэмакратычных правілах. Аднак, як піша ў сваёй заяве А.Каралёў, ва ўмовах, калі “ў складах выбарчых камісіяў няма прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў ці хаця б грамадзянаў, якія незалежныя ад цяперашняй улады”, удзел у выбарах для дэмакратаў губляе ўсялякі сэнс.
Нагадаем, што большасьць магілёўскіх рэгіянальных кандыдатаў ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў загадзя ведалі, што асноўная мэта іхнага ўдзелу ў кампаніі – гэта непасрэдны кантакт з выбаршчыкамі і законная магчымасьць шырокага давядзеньня да людзей сваёй пазыцыі наконт сытуацыі ў краіне. Большасьць дэмакратычных кандыдатаў, як выглядае, гэтую задачу выканалі. Аднак дэталёвы аналіз кампаніі яшчэ наперадзе, паведаміў belngo.info.