Гомель: назіральнікаў выдалялі з участкаў
У Гомелі каля 18.20 з участку №1 Гомельскай-Савецкай акругі №34 (размешчаны ў школе №3) выдалілі назіральніка Анатоля Паплаўнага. Камісіі не спадабалася, што назіральнік хацеў сфатаграфаваць скрыні для галасавання.
«У 18.00 усе скрыні для галасавання на даму павінны быць на ўчастку. Іх на ўчастку ўсяго тры. І вось дзве былі, а трэцяя недзе згубілася. Я спрабаваў зафіксаваць гэта, мяне і выдалілі», - патлумачыў Анатоль Паплаўны.
Узніклі праблемы і ў аднаго з фотакарэспандэнтаў недзяржаўнага выдання, які прыехаў на гэты ўчастак. Сябры камісіі забаранілі хоць нешта фатаграфаваць і выклікалі міліцыю. Але карэспандэнта міліцыя не стала затрымліваць.
Сёння таксама з участкаў у Гомелі выдалілі назіральніка Віктара Казлова - за тое, што «ён гучна размаўляў і прыцягваў да сябе ўвагу». 22 верасня з участка ў Гомелі выдалілі назіральніка Уладзіміра Няпомняшчых.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”