Маладэчна: адміністрацыі прадпрыемстваў гоняць супрацоўнікаў на галасаванне
Праваабаронца Алесь Капуцкі, які ў дзень выбараў ажыццяўляе назіранне на Дажынкаўскім выбарчым участку №81, паведаміў, што па стане на 17.45 на гэтым участку да 50% яўкі не хапала каля 60 галасоў.
Пры гэтым назіральнік пачуў цікавую размову паміж выбаршчыкамі. На пытанне знаёмага, чаго так позна ідзе галасаваць, нейкі мужчына адказаў: “Мне з месца працы, з “БелТІЗ”у, зараз патэлефанавала Марыя Пятроўна, каб я ішоў галасаваць”.
Алесь Капуцкі мяркуе, што гэты выпадак, хутчэй за ўсё, не адзінкавы: прадстаўнікі камісіі рэгулярна справаздачацца аб колькасці прагаласаваўшых “наверх”, адкуль ідзе загад аб мабілізацыі выбаршчыкаў адказным асобам на мясцовых прадпрыемствах.
Таксама, па назіраннях, многія выбаршчыкі, якія сталі ісці вечарам, не ведалі кандыдатаў - некаторыя нават пыталіся, дзе пра іх можна пачытаць. А той, хто ідзе на выбары па ўласным жаданні, хутчэй за ўсё, яшчэ да прыходу на выбарчы ўчастак ведае, за каго будзе (ці можа) прагаласаваць, адзначае назіральнік.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”