Высновы медыя-маніторынгу БАЖ: у час перадвыбарнай агітацыі ўвага дзяржаўных СМІ да выбараў зменшылася амаль удвая
11 студзеня Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзентавала другі медыя-маніторынг па асвятленьню тэмы мясцовых выбараў-2007 у беларускіх медыя за перыяд з 18 снежня па 9 студзеня. Асноўны вынік яго - у час перадвыбарнай агітацыі ўвага дзяржаўных СМІ да выбараў зменшылася амаль удвая.
Дадзеная сітуацыя выглядае парадаксальнай, улічваючы, што перыяд перадвыбарнай агітацыі — гэта самая актыўная фаза выбарчага працэсу. Тым не менш, паводле кіраўніка маніторынгавай групы БАЖ Алеся Анціпенкі, практычна ўсе медыі значна знізілі ўвагу да выбараў. Затое відавочна ўзрасла за гэты перыяд цікавасць дзяржаўных СМІ да асобы кіраўніка краіны. Так, праграма першага канала БТ “Панарама” прысвяціла яму і звязаным з ім падзеям амаль 90% эфірнага часу, прыкладна столькі ж увагі яму аддало і дзяржаўнае радыё. А вось працэнт асвятлення дзейнасці апазіцыі ў дзяржаўных СМІ набліжаны да нуля — яе прадстаўнікі калі і ўзгадваліся, то альбо ў негатыўным, альбо ў надзвычай негатыўным плане.
Як ні дзіўна, але самі кандыдаты са сваімі выбарнымі праграмамі ў дзяржаўных медыя фактычна адсутнічалі. Адзіным выключэннем было правадное радыё з яго спецыфічнай аўдыторыяй. Ды і тут прамовы кандыдатаў трансляваліся ў вельмі нязручны час, калі людзі альбо едуць на працу, альбо вяртаюцца адтуль — з 8.00 да 8.30 раніцы ці паміж 18.00 і 18.30.
Што ж тычыцца друкаваных СМІ, то і нацыянальныя і рэгіянальныя газеты практычна ігнаравалі выбарчы працэс. І «Советская Белоруссия», і «Звязда» не мелі матэрыялаў ні пра кандыдатаў, ні пра іх перадвыбарную агітацыю. Часта СМІ выкарыстоўвалі так званыя медыя-эфекты: важкія грамадскія падзеі, тэмы, асобы падаваліся дзяржаўнымі журналістамі свядома перадузятага.
У выніку, такое асвятленне дзяржаўнымі медыя мясцовых выбараў ніякім чынам не магла спрыяць выбаршчыкам у атрыманні імі поўнай інфармацыі, пазбаўляла магчымасці пазнаёміцца як з кандыдатамі, так і з іхнімі праграмамі. На думку Алеся Анціпенка, куратара медыя-маніторынгу, такая палітыка дзяржаўных СМІ мае канкрэтную мэту: "Гэта зроблена, каб дэпалітызаваць любыя выбары ў нашай краіне, каб людзі не мелі дастатковай інфармацыі ў тым ліку і пра тых асобаў, якія ў будучым маглі б набыць вядомасць на палітычным небасхіле".