Гомель: сябра камісіі забралі з участка на «хуткай»
У Гомелі на ўчастку №8 Савецкай акругі №34 у дзень галасавання здарылася надзвычайнае здарэнне: у сябра камісіі здарыўся, верагодна, інсульт, і яе забралі на «хуткай». «Гэта адбылося ў 8.50, жанчыне-члену камісіі стала раптоўна блага, яе спаралізавала, і яна знерухомела. Выклікалі хуткую, якая прыехала амаль праз паўгадзіны. У жанчыны быў высокі ціск, каля 250 на 120. Верагодна, ёй наогул нельга было ісці засядаць у камісіі з высокім такім ціскам», - паведаміў назіральнік, сябра БХД Валерый Яроцкі.
Па яго словах, жанчыну вынеслі з участка ў «хуткую» на насілках, а выбары ідуць сваім чарадом: іграе вясёлая музыка, галасуюць людзі. Дарэчы, спраўдзіць інфармацыю ў камісіі немагчыма: у слухаўцы неверагодна гучна іграе музыка: «С чарами не справишься, весь ты будзешь мой», а вахцёр інтэрната, дзе размешчаны ўчастак, з-за музыкі нічога не чуе і не можа адказаць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”