Баранавічы: датэміновае галасаванне пад пагрозай пазбаўлення стыпендый і месца ў інтэрнаце
Незалежныя назіральнікі фіксуюць высокую яўку выбаршчыкаў на ўчастках, дзе галасаюць студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па словах саміх студэнтаў, на датэрміновае галасаванне іх заганяюць куратары і прадстаўнікі студэнцкага актыву. Адміністрацыя ўніверсітэта гэтыя факты адмаўляе.
Як паведаміў назіральнік Сяргей Гоўша, за тры дні на ўчастку № 21 Баранавіцкай-Усходняй акругі № 6 прагаласавала 801 чалавек, што склала 31, 6% ад спісу. На гэтым участку галасуюць студэнты, якія прапісаныя ва ўніверсітэцкіх інтэрнатах.
“Мы размаўлялі са студэнтамі, яны пацверджваюць, што прагаласаваць датэрмінова ім загадалі куратары, ў нас маецца запіс на дыктафоне, дзе гучаць прозвічшы куратараў - Наталля Маісеенка і Ганна Верамейка”, - перадае спадар Гоўша.
У рэдакцыю мясцовай газеты Intex-Press (http://intex-press.by/) звярнуўся студэнт 3 курса славянскіх і германскіх моваў БарДУ, які паведаміў, што “студэнтаў прамым тэкстам прымушаюць прыйсці на датэрміновае галасаванне”.
“У Студсавеце ёсць інфармацыйная група, якой даручылі прайсціся па групах і перадаць інфармацыю пра тое, што яўка на датэрміновае галасаванне абавязковая. У адваротным выпадку іншагароднім прыгразілі высяленнем з інтэрната, а бюджэтнікам - пазбаўленнем стыпендый. Старастам груп трэба да абеду пятніцы падаць у адміністрацыю спісы тых, хто прагаласаваў і не прагаласаваў”, - распавёў хлопец.
У адміністрацыі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта факт падобнага ціску на студэнтаў адмаўляюць. “Мы, вядома, тлумачым студэнтам, што яны павінны прыйсці на выбары і прагаласаваць, выконваючы тым самым свой грамадзянскі абавязак. Аднак, за каго галасаваць, калі прыйсці і ці прыйсці наогул – вырашае сам студэнт. Я магу запэўніць, што з боку універсітэта ніякага ціску не было”, - адзначыў Intex-Press (http://intex-press.by/) начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Павел Папко.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”