Баранавічы: міліцэйскі чыноўнік не хоча бачыць парушэнняў выбарчага заканадаўства
Назіральнік Сяргей Гоўша 19 верасня атрымаў адказ з УУС Брэсцкага аблвыканкама на сваю скаргу пра ўхіленні супрацоўнікаў Баранавіцкага ГАУС ад аб’ектыўнага і сумленнага разгляду справы аб фальсіфікацыі пратакола № 1 пасяджэння акруговай выбарчай камісіі № 5.
У лісце за подпісам намесніка начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама В.П. Угляніцы паведамляецца, што былі вывучаны матэрыялы праверак Баранавіцкага ГАУС па папярэдніх зваротах Сяргея Гоўшы ад 14.08.12, 15.08.12, 16.08.12, 20.08.12. Затым міліцэйскі чыноўнік інфармуе назіральніка аб тым, што ў выніку праверкі выкладзеныя ім факты фальсіфікацыі выбарчага заканадаўства не знайшлі свайго аб’ектыўнага пацвярджэння і таму не было парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі Баранавіцкага ГАУС пры выкананні ўскладзеных на іх абавязкаў. Вось чаму, падсумоўвае В.П. Угляніца, падставаў для прыцягнення супрацоўнікаў Баранавіцкага ГАУС да адказнасці няма.
– Я катэгарычна не згодны з такой “аб’ектыўнай” праверкай і звычайнай адпіскай міліцэйскага чыноўніка, – кажа назіральнік Сяргей Гоўша. – Таму, у адпаведнасці з арт.20 Закона РБ ад 18.07.2011г. “Аб зваротах грамадзян”, буду скардзіцца ў Міністэрства ўнутраных спраў РБ.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”