Рагачоў: настаўнікі самі галасуюць, самі сябе віншуюць
Бязлітасным пафасам дае справаздачы пра выбары рагачоўская раённая газета «Свабоднае слова». «Ледзь прабілі першыя хвіліны датэрміновага галасавання, як самыя актыўныя рагачоўцы адзін за другім паспяшаліся на свае выбарчыя ўчасткі. Закіпела праца і на выбарчым участку, размешчаным на тэрыторыі школы №5», - радасна паведаміла чытачам раёнка. Хто ж гэтыя выбарцы, якія ледзь дачакаліся першых хвілін датэрміновага галасавання? Аказалася, першай галасавала, ці, па версіі газеты, «задала тэмп галасаванню і паказала прыклад актыўнай грамадзянскай пазіцыі і нераўнадушша да роднага краю», дырэктар той самай школы №5 Любоў Чурвіна. Як першай прагаласаваўшай, ёй уручылі падарунак.
Падарунак актыўнаму дырэктару школы №5, дзе і размешчаны ўчастак для галасавання, уручыла старшыня камісіі – намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі. Прычым ва ўчастковай камісіі таксама працуюць настаўнікі школы №5. Самі галасуюць, самі сабе падарункі ўручаюць. «Прыемныя падарункі чакаюць усіх прагаласаваўшых першымі на сваіх участках, і тых, хто першы раз прымае ўдзел у выбарах», - паведаміла газета.
Не варта сумаваць і тым, хто не трапіў у лік шчасліўчыкаў, якія прагаласуюць першымі, бо ўсіх увогуле выбаршчыкаў чакаюць «сюрпрызы» ад мясцовай улады. Так, згодна распараджэнню старшыні райвыканкама, у дзень выбараў на ўчастках будзе працаваць выязны гандаль «таварамі народнага спажывання ў шырокім асартыменце» з мінімальнай гандлёвай надбаўкай і мінімальнай нацэнкай грамадскага харчавання. Таксама ў непасрэднай блізасці ад участкаў будзе арганізаваны гандаль сельскагаспадарчай прадукцыі.
Можна смела рабіць выснову, што людзі на выбары прыйдуць, ну хоць з мэтай набыць танныя тавары ці сельскагаспадарчую прадукцыю.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”