Трое кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў на Гомельшчыне зьнялі свае кандыдатуры ў знак пратэсту супраць дзеяньняў, якія рабіліся ўладамі 6 студзеня
Пра гэта паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА. Нагадаем, што ў суботу міліцыя ў Сьветлагорскім, Рэчыцкім і Гомельскім раёнах на доўгі час спыняла аўтамабіль лідэра дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандра Мілінкевіча. Ён прыяжджаў сюды ў якасьці даверанай асобы кандыдатаў у дэпутаты. З-за гэтага А. Мілінкевіч ня змог узяць удзел у сустрэчах кандыдатаў з выбаршчыкамі.
Анатоль Паплаўны ў Гомелі, Валерый Пуціцкі ў Рэчыцы і Віктар Раманішка ў Сьветлагорску падалі заявы у выбарчыя камісіі аб зьняцьці сваіх кандыдатураў. Прычынамі свайго рашэньня яны назвалі несправядлівыя ўмовы выбарчай кампаніі, а таксама немагчымасьць пракантраляваць вынікі галасаваньня. В. Пуціцкі і В. Раманішка былі кандыдатамі у дэпутаты Гомельскага абласнога Савета, А. Паплаўны – Гомельскага гарадзкога Савета. В. Пуціцкі быў таксама кандыдатам у Рэчыцкі раённы Савет. Усе яны зьяўляюцца сябрамі грамадзкага аб’яднаньня “БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ.
“Улады не ўключылі ў склад выбарчых камісіяў ніводнага прадстаўніка дэмакратычных грамадзкіх аб’яднаньняў і апазыцыйных партыяў. Гэта стварае ўмовы для фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Калі ў камісіях няма прадстаўнікоў апазыцыі, праверыць правільнасьць падліку галасоў немагчыма. Таму няма сэнсу далей удзельнічаць у выбарах,” – сказаў В. Раманішка, які зьяўляецца старшынём Гомельскай абласной арганізацыі БНФ. В. Раманішка прывёў такі прыклад: днямі яго аўтамабіль быў спынены міліцыяй, якая без падставаў дагледзела рэчы ў машыне. Падобныя дзеяньні ўладаў, лічыць кіраўнік абласной арганізацыі БНФ, робяцца наўмысна - каб стварыць для дэмакратычных кандыдатаў ненармалёвыя ўмовы перадвыбарчай агітацыі. Апошнім здарэньнем, якое паўплывала на рашэньне трох кандыдатаў, сталі падзеі 6 студзеня.