У Оршы ідзе актыўнае галасаванне за зняўшагася кандыдата
У першы дзень датэрміновага галасавання 18 верасня ў Оршы шло актыўнае галасаванне за зняўшагася кандыдата.
15 врасня з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі зняў кандыдатаў АГП з выбарчай гонкі. Якое ж было здзіўленне выбаршчыкаў, калі яны атрымлівалі ў рукі бюлетэні, у якіх значылася прозвішча кандыдата ў дэпутаты ад АГП па Аршанскай гарадской акрузе № 26 Аляксея Ціханенкава.
Сітуацыя нагадвала тэатр абсурду. У той час як адны ўчастковыя камісіі прозвішча Ціханенкава выкраслілі, у той жа самы час іншыя - як, напрыклад, № 8, № 9, № 11 - працягвалі выдаваць бюлетэні з яго прозвішчам. Прычым і тыя і іншыя камісіі лічылі свае дзеянні правільнымі і рашуча адпрэчвалі заўвагі з боку назіральнікаў.
Адзін з выбаршчыкаў на ўчастку № 11 прагаласаваў за Ціханенкава і прадэманстраваў запоўнены бюлетэнь як сябрам камісіі, так і назіральнікам.
Каардынатар кампаніі назірання «За справядлівыя выбары» Мікалай Дзямідаў адзначае, што яшчэ ніколі раней такой мітусьні ў арганізацыі выбараў у Оршы не назіралася. Падобна нават улады заблыталіся ў іх самі.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»