Хоцімск: Лічбы па датэрмінова прагаласаваўшых не сыходзяцца
18 верасня ў гарадскім пасёлку Хоцімск, як і па ўсёй краіне, пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Сваімі ўражаннямі падзяліліся давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерыя Каранкевіча - Аляксандр Балобін і Пётр Басейка (на фота). У гэты дзень яны ажыццяўлялі назіранне на выбарчых участках у Хоцімску – Калінінскім № 55 і Ленінскім № 54 адпаведна.
“Я ажыццяўляў назіранне на Калінінскім выбарчым участку № 55 у Хоцімску ўвесь дзень, адыходзіў і сыходзіў з участка адначасова з членамі выбарчай камісіі, - распавядае Аляксандр Балобін. – Таму я быў вельмі здзіўлены, калі ў выніковым пратаколе аказалася, што на гэтым выбарчым участку за 18 верасня прагаласавала 57 выбаршчыкаў. Згодна маім падлікам, выбарчы ўчастак № 55 18 верасня наведалі 27 чалавек. Я за свае словы адказваю, бо фіксаваў яўку выбаршчыкаў абсалютна дакладна. Дарэчы, мяне здзівіла і тое, што на гэтым выбарчым участку не было Канстытуцыі Беларусі і Выбарчага кодэкса”.
Валерый Каранкевіч, які пры дапамозе кампаніі “Гавары праўду” балатуецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83, падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт такога разыходжання ў колькасці прагаласаваўшых выбаршчыкаў паміж дадзенымі назіральніка і акруговай камісіі.
“Наколькі я ведаю, на Калінінскім выбарчым участку № 55 у гэты дзень павінна была прагаласаваць адна з груп навучэнцаў Хоцімскага аграрнага коледжа. З галасаваннем у іх штосьці не склалася, аднак зададзеныя лічбы ў выніковым пратаколе камісія мяняць не стала”, - выказаў сваё меркаванне Валерый Каранкевіч.
Пра свае ўражанні аб выніках першага дня галасавання на Ленінскім выбарчым участку № 54 у Хоцімску распавёў і Пётр Басейка.
“Я прысутнічаў на Ленінскім выбарчым участку № 54 у Хоцімску ад самага пачатку датэрміновага галасавання, - кажа Пётр Басейка. – Першы выбаршчык прагаласаваў дзесьці праз гадзіну і пасля гэтага я на пэўны час сыйшоў, каб развесіць у дазволеных месцах перадвыбарчыя агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў дэпутаты Валерыя Каранкевіча, даверанай асобай якога я з’яўляюся. Пасля перапынку на абед я прысутнічаў на выбарчым участку пастаянна, прагаласавала датэрмінова яшчэ шэсць выбаршчыкаў. Якое ж было маё здзіўленне, калі я пабачыў у выніковым пратаколе, што за дзень 18 верасня на Ленінскім выбарчым участку № 54 прагаласавала 107 чалавек. Атрымліваецца, што за гадзіну, калі я адсутнічаў, сто жыхароў Хоцімска ў адзіным парыве рванулі на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць датэрмінова. Нейкі цуд, ды і толькі… Вечарам таксама глядзеў навіны, дзе было сказана, што на выбарчым участку павінны быць Канстытуцыя і Выбарчы кодэкс. Магу сказаць, што 18 верасня на выбарчым участку № 54 у Хоцімску іх дакладна не было”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”