Гомель: кандыдаты і выбаршчыкі не цікавяць адзін аднаго
На прыкладзе Гомельскай-Цэнтральнай акругі №33 можна зрабіць высновы, што выбаршчыкаў не цікавяць кандыдаты ў дэпутаты, як і кандыдатаў не цікавяць выбаршчыкі. Пачалося датэрміновае галасаванне, а на Цэнтральнай акрузе кандыдаты фактычна не праводзяць працы з выбаршчыкамі (па акрузе балатуюцца чатыры кандыдаты – начальнік аддзелу адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Алег Леўшуноў, прадстаўніца ЛДП Вольга Ігнаценка, сябра КПБ Міхаіл Дземідаў і вылучэнец ад «Справядлівага свету» Сяргей Сергіенка). Нічога не чуваць пра тое, каб Вольга Ігнаценка, Міхаіл Дземідаў ці Сяргей Сергіенка праводзілі сустрэчы з выбаршчыкамі ў форме сходаў ці пікетаў. Прынамсі, няма пра гэта ні паведамленняў ад акруговай камісіі, ні абвестак. Праўда, 17 верасня з'явіліся агітацыйныя плакаты кандыдата ад камуністаў Міхаіла Дземідава, але ў недазволеным месцы – на дзвярах пад'ездаў дамоў па вуліцы Кніжнай.
Як мы ўжо паведамлялі, 14 верасня Алег Леўшуноў павінен быў правесці сустрэчу з выбаршчыкамі, але на сустрэчы ў прызначаны час не было ні кандыдата, ні выбаршчыкаў. Прыйшлі толькі дзве давераныя асобы кандыдата ды журналіст. Журналісту паведамілі, што «у Алега Фёдаравіча раптоўна падняўся ціск». Калі журналіст пайшоў, праз некалькі хвілін сустрэчу наведаў праваабаронца Віктар Адзіночанка. Яму ж давераныя асобы паведамілі, што кандыдат быў на сустрэчы, але некалькі хвілін таму сышоў.
17 верасня кандыдат Алег Леўшуноў зноў павінен быў праводзіць сустрэчу з выбаршчыкамі. Сход наведаў Віктар Адзіночанка, якому ўдалося ўбачыць кандыдата ў дэпутаты. На сустрэчы прысутнічалі, акрамя давераных асоб, трое чалавек. Таксама 17 верасня на пляцоўцы на плошчы Паўстання праводзіўся агітацыйны пікет кандыдата. Але жадаючых пагутарыць з даверанымі асобамі не назіралася. Прынамсі, у 18.50 на пляцоўцы стаялі ў самоце дзве давераныя асобы.
На фота: плакаты кандыдата ад КПБ Міхаіла Дзямідава ў недазволеным месцы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”