Гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці пачаў разгляд справы па іску ААТ „Элсан” да ЗАТ „Выдавецкі дом «Віцебскі кур’ер»”. Мэта іску — прымусіць выдавецтва і газэту пакінуць офіс ды, згубіўшы юрыдычны адрас, зачыніцца
Як вынікае зь лісту-справаздачы генэральнага дырэктара „Элсана” Дзьмітрачэнкі ў адміністрацыю Першамайскага раёну гораду Віцебску, арэндадаўцы пайшлі на гэткі крок менавіта па загадзе кіраўніцтва раёну. Пацьвярджае вялікую зацікаўленасьць мясцовых уладаў у ліквідацыі незалежнага грамадзка-палітычнага выданьня і ўдзел у судзе ў якасьці трэцяга боку юрыст-кансультанта адміністрацыі Анастасіі Агафонавай, якая падтрымала прэтэнзіі прадстаўніка „Элсана” Аляксандра Сямёнава. Той жа лічыць падпісаную дамову нікчэмнай, бо, па ягоным меркаваньні, рэдакцыя павінна ўзгадніць арэнду з адміністрацыяй раёну. Аднак у газэты ёсьць дазвол гарвыканкаму. Праваабаронца Павал Левінаў, які разам з намесьнікам менскага юрыдычнага агенцтва „Бізнэс-дыялёг” Дзьмітром Зікрацкім прадстаўляе інтарэсы „Віцебскага кур’ера” ў судзе, пракамэнтаваў гэта проста: "Патрабаваньні істца я лічу абсурднымі, бо газэта заканадаўства не парушала. У адпаведнасьці з заканадаўстваў атрыманы дазвол на разьмяшчэньне Закрытага акцыянэрнага таварыства на тэрыторыі гораду Віцебску. Аднак істцец сьцьвярджае, што неабходна атрымліваць дазвол па нейкай вызначанай адрэсе: у раёне, на вуліцы, у нейкім там пакоі..."
Чарговае паседжаньне, на якое абодва бакі павінны прадставіць дадатковыя дакумэнты, судзьдзя Вольга Гаціла перанесла на 10 студзеня. Часу мала — выходныя, сьвяты, але, як лічуць у дэмакратычных колах гораду, улады прысьпешваюць, каб зьліквідаваць незалежную газэту як мага хутчэй.
Суд выклікаў цікавасьць эўрапейцаў — за ходам працэсу назіраў саветнік амбасадара па сувязях з грамадзкасьцю менскага офіса АБСЭ Вадзім Харцінг. Зьдзівіла зацікаўленасьць дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі „Віцебск”. Як выказаў здагадку рэдактар „Віцебскага кур’ера” Уладзімер Базан, напэўна, хацелі першымі данесьці станоўчую вестку да ўладаў, паведаміла Радыё Рацыя.