У вёсцы Лаздуны Івейскага раёну, дзе напярэдадні Новага году галадалі вернікі, новы сьвятар правёў першае набажэнства
У вёску Лаздуны Івейскага раёну, дзе напярэдадні Новага году галадалі вернікі, прызначаны новы сьвятар, які у выхадныя правёў першае набажэнства. Галадоўнікі патрабавалі, каб улады дазволілі застацца ранейшаму ксяндзу Марыюшу Ільяшэвічу, віза якога скончылася, і ён мусіў вярнуцца ў Польшчу. Не зважаючы на гэта частка вернікаў зьвярнулася з просьбай наконт візы для ксяндза Марыюша на прэзыдэнцкі сайт.
Вернікі гаварылі, што будуць чакаць адказу да восьмага студзеня. Але паводле грамадзкага актывіста Франца Лемзы, яны атрымалі яго па электроннай пошце раней, і сэнс яго ў тым, што ў Беларусі неабходна перш за ўсё працаўладкоўваць сваіх мясцовых сьвятароў.
Новы сьвятар будзе абслугоўваць і суседнія Юрацішкі, дзе таксама далучаліся да галадоўкі ў падтрымку ксяндза Марыюша. У часткі вернікаў засталося непаразуменьне, нават крыўда, ніхто не патлумачыў вернікам, чаму іхні сьвятар ня мае права застацца. Ці мела сэнс далей рабіць спробы прасіць наконт візы для ксяндза Марыюша?
Сваё меркаваньне Радыё Свабодзе выказаў актывіста Саюзу палякаў журналіст Андрэй Пачобут: “Улады лічацца толькі з тымі, хто можа моцна паставіць пытаньне і гатовы яго вельмі рашуча адстойваць. Я ўпэўнены, што каб галадоўка працягнулася дастатковы час, дык яны дамагліся б таго, што ксёндз сапраўды застаўся б. На жаль, калі барацьба пераходзіць у форму пісаньня лістоў, дык ніякага выніку яна не прыносіць”.
Спадар Пачобут не выключае, што ксёндз Марыюш Ільяшэвіч у будучыні зможа пры жаданьні атрымаць беларускую візу, але без дазволу на працу.
Не працягнуўшы візы сямі актыўным польскім ксяндзам, у ліку якіх быў Марыюш Ільяшэвіч, улады ўсё ж дазволілі касьцельнаму кіраўніцтву запрасіць на працу з Польшчы іншых сьвятароў. Тым самым Гарадзенскаму біскупу Аляксандру Кашкевічу прадэманстравалі, што ў кадравай палітыцы мусіць азірацца на ўлады, зазначае Андрэй Пачобут.