23-га ліпеня Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў рэдакцыі газеты "Навінкі" у зыску да Міністэрства інфармацыі, прызнаўшы сапраўдным папярэджанне ад 22 траўня г.г. Суддзя Міхаіл Ракавец палічыў, што ў дзвюх сваіх публікацыях газета сапраўды "пасягнула на маральнасць грамадзян".
Інтарэсы зыскоўца (ТАА "Рэдакцыя газеты "Навінкі)" прэзентавалі ў судзе галоўны рэдактар выдання Паўлюк Канавальчык і адвакат Таццяна Станкевіч. Зыскоўцы даводзілі, што назвы двух артыкулаў, за якія вынесеныя папярэджанні, не пасягаюць на маральнасць чытача, бо лексіка, выкарыстаная ў іх, шырока распаўсюджаная ў асяродку маладых людзей і вельмі часта ўжываецца ў іншых (асабліва электронных) СМІ. "Можна разважаць наконт мастацкіх вартасцяў альбо журналісцкага ўзроўню гэтых артыкулаў, але нельга казаць пра пасягальніцтва на чыюсьці маральнасць", - заявіла ў судзе Таццяна Станкевіч. Тое ж самае сцвярджалася і ў заключэнні беларускага ПЭН-цэнтра, якое было падрыхтавана адмыслова да судовага паседжання і агучана на судзе.
Са свайго боку, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі (галоўны юрысконсульт міністэрства Аляксей Лухверчык і кіраўнік галоўнага прававога ўпраўлення Лілія Богдан) настойвалі на прызнанні амаральнымі ўжытых у газеце выразаў. А. Лухверчык заявіў, што газета прадэманстравала "непавагу да ўсяго грамадства", паколькі распаўсюджвалася не толькі па падпісцы сярод вузкай аўдыторыі, але і ў розніцу. Л. Богдан канстатавала падзенне маралі ў грамадстве па віне СМІ (асабліва электронных) і заявіла, што "дзяржава павінна абараняць маральнасць сваіх грамадзян".
Суддзя двойчы абвяшчаў перапынак падчас слуханняў і каля 16.00 агучыў рашэнне: у зыску ТАА "Рэдакцыя газеты "Навінкі" адмовіць і пакрыццё судовых выдаткаў ускласці на зыскоўца. Рашэнне ўступіла ў законную сілу з моманту абвяшчэння і можа быць абскарджана ў парадку нагляду.
Нагадаем: Папярэджанне Міністэрства інфармацыі ад 22 траўня было вынесена газеце за парушэнне арт. 5 Закона аб друку, "дапушчанае ў №11 (90) у матэрыялах, надрукаваных пад рубрыкай "Опіум для народа", і ў №8 (87) гэтага года за загаловак на старонцы "Аналітыка", якія "пасягаюць на маральнасць грамадзян". Гэта было ўжо другое папярэджанне на рахунку рэдакцыі "Навінак". Першае было вынесена 21-га траўня за парушэнне арт. 5 Закона аб друку, якое мела месца ў № 7(86) г.г. і выявілася ў публікацыі двух здымкаў прэзідэнта краіны "з каментарамі зняважлівага характару".
Наяўнасць двух папярэджанняў стала падставай для рашэння міністра інфармацыі М. Падгайнага аб прыпыненні на 3 месяцы выпуску газеты "Навiнкi".
БАЖ