Віцебская дзяржаўная газета раскрытыкавала дэбаты і кандыдатаў
Журналіст Сяргей Кочатаў у абласной газеце "Народнае слова" заявіў, што тэле- і радыёдэбаты "не сталі нечаканымі, відовішчнымі і змястоўнымі". Кадыдаты-удзельнікі і шэраговыя тэлегледачы маюць супрацьлеглыя меркаванні.
Спадар Кочатаў лічыць, што кандыдаты "рабілі ўсё што заўгодна – усхвалялі і бэсцілі ўладу і адно аднаго, прэзентавалі адно аднаму свае праграмы, віртуальна пляваліся, пагражалі імпічментам, люстрацыяй і нацыяналізацыяй" і "не згадвалі пра тое, што іх могуць глядзець выбаршчыкі, якія хочуць зразумець: чаго патрабуюць гэтыя людзі".
Мімаходзь абразіўшы кандыдатаў, назваўшы іх "фанабэрыстымі і самаўпэўненымі", С.Кочатаў піша: "калі час абмежаваны, тэма дэбатаў не канкрэтызавана, чакай бяды. Яна і здарылася…" І толькі як мае быць запалохаўшы чытачоў "бедамі" ад дэбатаў, журналіст канкрэтызуе, што яму, уласна кажучы, не спадабалася. Высветлілася, што гэта ўсяго толькі недастатковы вопыт публічных выступаў і невысокі ўзровень маўленчай культуры ў большасці кандыдатаў. Маўляў, яны дапускалі арфаэпічныя памылкі, будавалі надзвычай складаныя сказы, дэманстравалі няведанне псіхалогіі зносінаў і гэтак далей. Паводле артыкула ў "Народным слове", "першы блін выйшаў комам"…
З гэтай пазіцыяй катэгарычны не згодны кандыдат у дэпутаты па Аршанскай-Гарадской выбарчай акрузе Мікалай Петрушэнка:
"Тэледэбаты з маім удзелам былі ў "апошніх серыях", і мяне людзі запомнілі. Стаю сёння на пікеце ў Воршы, а да мяне падыходзяць, бо пазнаюць. Паказальна, што да тэледэбатаў падчас пікетаванняў у мяне бралі куды меней агітацыйных улётак, а цяпер цікавяцца, бяруць, разглядаюць, чытаюць… І яшчэ хачу адзначыць: многія кажуць, што бачылі тэледэбаты з маім удзелам не па тэлевізары, а праз інтэрнэт. На youtube гэты запіс, размешчаны маімі сябрамі, мае амаль 6, 5 тысяч праглядаў! На сайце "Нашай нівы" - каля 1, 5 тысяч… І пасля гэтага нехта скажа, што выбаршчыкі не зацікавіліся? Гэта толькі знарок такое можна напісаць, каб мець падставы для адмены тэледэбатаў на будучых выбарах… Ды мы абудзілі Воршу, я лічу!"
Кандыдат па Віцебскай-Сельскай акрузе №21, вылучэнец ад Парты БНФ Леанід Аўтухоў яшчэ да дэбатаў прапанаваў сваім апанентам тэмы для абмеркавання. Якраз каб пазбегнуць пэўнай сумяціцы ў размовах, пра што і пісаў журналіст дзяржвыдання.
"Але ж апаненты не пагадзіліся размаўляць ні пра неабходнасць вызвалення палітвязняў, ні пра патрэбу Беларусі ў замежных інвестыцыях, ні пра крызіс у нашай эканоміцы", - гаворыць актывіст.
Аўтухоў таксама лічыць, што размовы пра "адсутнасць навыкаў эфектыўных зносінаў", пра "сур'ёзныя праблемы ў сацыяльнай камункацыі" і пра тое, што асобныя кандыдаты "дэманструюць узоры нізкай моўнай культуры", дзяржаўная газета завяла знарок, каб адцягнуць увагу выбаршчыкаў ад сутнасці дэбатаў. А яны іншым разам былі вельмі вострыя. І тыя, каго прынята называць "праўладнымі кандыдатам", выглядалі часам не лепшым чынам, калі не маглі адказаць на пытанні сваіх апанентаў "ад апазіцыі".
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”