Хоцімск: Кандыдата выклікаюць у райвыканкам
13 верасня кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з Хоцімска Валерый Каранкевіч атрымаў заказны ліст з мясцовага райвыканкама. У лісце за № 25 кандыдату прапаноўваецца з’явіцца ў Хоцімскі райвыканкам “для азнаямлення і падпісання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні”.
“Я атрымаў гэты ліст на пошце, спачатку мне пад роспіс прынеслі пісьмовае ўведамленне, - распавядае Валерый Каранкевіч. – У лісце за нумарам 25 пішацца даслоўна вось што: “Хоцімскі райвыканкам прапаноўвае вам з’явіцца 17 верасня ў 11-00 у кабінет 321 райвыканкама для азнаямлення і падпісання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пры сабе мець пашпарт”. Падпісала гэты ліст намеснік старшыні Хоцімскага райвыканкама Жана Казакова. Як я зразумеў, мяне нейкім чынам хочуць пакараць за правядзенне агітацыйнага пікету ў дазволеным месцы 11 верасня ў Хоцімску. Але мяне здзівіла іншае, я сам у свой час працаваў першам намеснікам старшыні Хоцімскага райвыканкама і добра ведаю, што выклікаць можна на паседжанне адміністрацыйнай камісіі пры райвыканкаме, а не ў нейкі незразумелы “кабінет 321”. Лічу, што чыноўнікі з Хоцімскага райвыканкама проста зноў хочуць перашкодзіць мне весці агітацыйную кампанію ў якасці кандыдата ў дэпутаты, марнуючы мой час, бо на 17 верасня ў мяне запланаваны і арганізацыя пікета, і сустрэчы з выбаршчыкамі”.
Спадар Каранкевіч таксама паведаміў, што 14 верасня ён збіраецца падаць скаргу ў акруговую камісію Крычаўскай выбарчай акругі № 83 на дзеянні свайго апанента, кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па гэтай жа акрузе, першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, які падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі пастаянна выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”