Жодзіна: кандыдат апынуўся перад зачыненымі дзвярыма
13 верасня сустрэча кандыдата ад КПБ Сяргея Васілеўскага ў ДК "Равеснік" у Жодзіне не адбылася - на яе прыйшоў толькі адзін выбаршчык, а ў афіцыйна выдзеленым памяшканні пад шырмай “рамонту" аказаліся банкетныя сталы пад белымі вясельнымі абрусамі.
Пры падрыхтоўцы да сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдат папярэдне падаваў заяўку ў АВК акругі №64, а газета гарвыканкаму "Жодзінскія Навіны" 12 верасня належным чынам апублікавала адпаведную абвестку. Але на сустрэчу з Сяргеем Васілеўскім з усяго 60-ці тысячнага гораду з’явіўся толькі адзін выбаршчык, а таксама прадстаўнік з акруговай камісіі і назіральнік Аляксей Лапіцкі.
Немагчыма было зразумець, хто загадаў зачыніць спецыяльна выдзеленае для сустрэчаў з кандыдатамі памяшканне, у якое праз абвестку ў афіцыйнай газеце запрашаліся жодзінцы. Дырэктар ДК Ірына Анцітовіч заявіла, што памяшканне не падрыхтавана да выбарчай сустрэчы, бо ў ім робіцца рамонт. Аднак, прысутныя ўжо ведалі аб тым, што за дзвярыма ў актавай зале ідзе падрыхтоўка да вяселля.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”