Гомель: улады забараняюць агітацыйныя пікеты дэмакратычных кандыдатаў
У інтэрнаце ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, куды найперш завітаў кандыдат у дэпутаты Калюка, студэнты цікавіліся, як ён мяркуе выканаць сваю праграму. Адна са студэнтак зьвярнула ўвагу кандыдата на такую праблему:
Студэнтка: “Я кожны дзень іду позна ўвечары й заходжу ў наш унівэрсам “Бранскі” — і бачу, што там ёсьць патрулі, і п’яныя ёсьць. Ці вы ўзмоцніце працу патрульных?”
Калюка: “Варта зацікавіць іх грашыма, забясьпечыць тэхнічнымі сродкамі. Мікрараён Валатава лічыцца ўскраінай, таму сюды ідзе слабое фінансаваньне”.
Далёка ня ўсе адказы кандыдата ў дэпутаты задавальнялі студэнтаў. Аднак жаданьне сустрэцца з выбарцамі яны цэняць.
Студэнтка: “Гэта плюс самому кандыдату. І нам плюс, таму што мы бачым тое, што можа быць сапраўды зроблена”, — мяркуе студэнтка Яна.
Агітацыйная кампанія распачалася больш за два тыдні таму. Аднак збольшага яна выглядае блякла. Ня ўсе кандыдаты здолелі надрукаваць перадвыбарчыя ўлёткі. На заплянаваныя камісіямі сустрэчы выбарцы не прыходзяць.
Ладзіць самастойна сустрэчы ці пікеты на вуліцах забараняюць нядаўнія папраўкі ў выбарчае заканадаўства.
На афіцыйныя звароты дазволіць пікет у акрузе гарадзкія ўлады адказваюць дэмакратычным кандыдатам прыкладна так, як адказалі Мікалаю Калюку:
Калюка: “На 6 студзеня я замаўляў пікет ля гандлёвага цэнтру ў нас, у Валатаве. Але мне прыйшоў адказ за подпісам першага намесьніка старшыні гарвыканкаму Вусава пра тое, што ў нас, у Гомелі, пікеты дазволеныя толькі каля Палацу таварыства глухіх. Гэта вельмі далёка ад мікрараёну Валатава. Цікава, што Вусаў зьяўляецца й старшынём Гомельскай гарадзкой выбарчай камісіі. Мне застаецца адно — спытаць у яго, як яны даставяць выбарцаў туды, дзе можна ладзіць пікеты?” — кажа кандыдат у дэпутаты гарсавету, сябра АГП Мікалай Калюка.