Салігорск: раённая газета дагэтуль не надрукавала праграму кандыдата
Салігорскі кандыдат ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскй партыі Віктар Малочка накіраваў сваю перадвыбарчую праграму ў раённую газету “Шахцёр” яшчэ ў канцы жніўня, але дагэтуль на старонках газеты яго зварот да выбарцаў не надрукаваны.
Галоўная рэдактарка газеты прычынаў такой затрымкі не назвала і паведаміла аб магчымым з’яўленні перадвыбарчай праграмы Віктара Малочкі ў пазнейшых нумарах. Варта адзначыць, што праграмаў іншых кандыдатаў, якія балатуюцца па салігорскіх выбарчых акругах, у газеце “Шахцёр” таксама надрукавана яшчэ не было. Зрэшты, тэма выбараў у мясцовых дзяржаўных сродках масавай інфармацыі ад пачатку выбараў практычна не асвяталяецца, хоць газета “Шахцёр” і Салігорскі тэлеканал увайшлі ў спіс найлепшых СМІ Мінскай вобласці.
Пакуль жа адно з перадавых выданняў Міншчыны здольна выдаваць толькі прапагандысцкія артыкулы. “Законы прыроды не падуладныя нашым жаданням. Зрэшты, як і дзяржаўныя законы”, - заяўляе ў адным з нешматлікіх перадвыбарчых опусаў журналістка “Шахцёра” пад псеўданімам Вікторыя Раманава. У сваім артыкуле ажно на 5000 знакаў Жана Гірэль (сапраўднае прозвішча выкрывацельніцы Вікторыі Раманавай) узгадвае многіх кандыдатаў у дэпутаты, сярод якіх “былы кандыдат у прэзідэнты краіны, вядомы многім урач-псіхатэрапеўт і знакаміты беларускі акцёр”. Вось толькі прозвішчы знакамітасцяў аўтарка дзяржвыдання агучыць не наважваецца. Не ўзгадвае Жана Гірэль аніякім чынам і сітуацыю з выбарамі ў родным Салігорску, але патлумачыць чытачам “недапушчальнасць” байкоту журналістка не забываецца.
У цэлым можна канстатаваць, што актыўнасць мясцовых СМІ ў асвятленні выбарчай тэматыкі па-ранейшаму застаецца на нізкім узроўні. Дзряжаўныя сродкі масавай інфармацыі пра хаду выбараў інфармуюць зрэдку і выключна ў станоўчым рэчышчы. Прыватныя СМІ рэгіёна парламенцкую кампанію наўпрост ігнаруюць. Адзінымі медыямі, што актыўна асвятляюць хаду выбараў, з’яўляюцца адзінкавы незалежныя інтэрэнэт-рэсурсы ды адмысловыя суполкі ў сацыяльных сетках.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”