viasna on patreon

Рыгора Кастусёва не пускалі сустрэцца з выбаршчыкамі

2012 2012-09-11T09:45:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kastusiousluck-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў 7-30 раніцы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні КДК краіны Аляксандр Агееў праводзіў сустрэчу з выбаршчыкамі на бялыніцкім прадпрыемстве – цэху па вытворчасці сыроў ААТ “Бабулін гладыш”. Альтэрнатыўнага кандыдатаў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які выпадкова даведаўся пра сустрэчу, спрабавалі не дапусціць на прадпрыемства.

“Пра тое, што ў Аляксандра Агеева сёння раніцай запланаваная сустрэча з выбаршчыкамі Бялыніцкага цэха па вытворчасці сыроў ААТ “Бабалін гладыш” я даведаўся ад сваёй даверанай асобы, бялыніцкага актывіста партыі БНФ Мікалая Мяцеліцы, - распавядае Рыгор Кастусёў. – Яму паведамілі пра гэта работнікі прадпрыемства, сказалі, што ў 7-30 раніцы 11 жніўня ўсім загадана быць на сустрэчы кандыдатам-начальнікам. Мы вырашылі таксама паўдзельнічаць у гэтай сустрэчы, каб данесці да выбаршчыкаў сваё бачанне сітуацыі ў акрузе і ў краіне. Калі мы раніцай разам з Мікалаем Мяцеліцам прыехалі на прадпрыемства, то ахова нас не прапусціла на яго тэрыторыю. Пасля гэтага з’явіліся Аляксандр Агееў і суправаджаючыя яго прадстаўнік акруговай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі № 90, а таксама дырэктар цэха па вытворчасці сыроў ААТ “Бабулін гладыш” Тамара Галёта. Яны доўга раіліся, таксама не хацелі пускаць нас на сустрэчу, аднак урэшце-рэшт пасля нашых настойлівых патрабаванняў вымушаны былі прапуцісць. Дарэчы, многія выбаршчыкі  - супрацоўнікі прадпрыемства мелі магчымасць самі пабачыць, якія адносіны да апазіцыйнага кандыдата. Карацей, на сустрэчу з выбаршчыкамі давялося літаральна прарывацца з боем. Ды і там не адбылося без казусаў. Аляксандр Агееў выступаў вельмі доўга, а мне на выступ пакінуў каля трох хвілін. Аднак і за гэты час я паспеў сказаць тое, што я думаю пра гэтыя “выбары”, і людзі вельмі станоўча ўспрынялі маю прамову”.

Давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Рыгора Кастусёва, бялыніцкі прадпрымальнік Мікалай Мяцеліца кажа, што быў здзіўлены адносінамі адміністрацыі цэха да альтэрнатыўнага прэтэндэнта.

“На мой поглят, адміністрацыя цэха па вытворчасці сыроў ААТ “Бабулін гладыш” паступала вельмі непрыгожа, не даючы Рыгору Кастусёву прыняць удзел у сустрэчы з выбаршчыкамі. Толькі атрымаўся ў іх адваротны вынік. Людзі палухалі прамовы кандыдатаў і зрабілі свае высновы. Ужо некалькі чалавек падыходзілі да мяне і казалі, што Кастусёў вельмі добра выказаўся пра тое, што адбываецца ў нашай краіне і якія ў нас “выбары”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства