Старшыня Гомельскай абласной арганізацый Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты аблсавету, адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах
Рашэньне адмовіцца ад удзелу ў выбарах Васіль Палякоў патлумачыў Радыё Свабодзе: “Выбары, якія праводзіць сёньняшняя ўлада, не зьяўляюцца выбарамі. Гэта палітычны фарс. Гэтая кампанія не адпавядае агульнапрызнаным і агульнапрынятым прынцыпам свабоды, празрыстасьці й дэмакратычнасьці ў правядзеньні выбараў”.
У заяве ў акруговую выбарчую камісію Быхаўскай акругі №13 Васіль Палякоў пазначыў чатыры прынцыповыя прычыны, якія вымусілі яго да такога рашэньня. Гэта найперш нядаўнія зьмены ў выбарчым заканадаўстве, якія ўскладнілі працэдуру вылучэньня кандыдатаў палітычнымі партыямі.
У склад акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў ня быў уключаны ніводзін з 49 вылучэнцаў абласной арганізацыі АГП.
Апрача таго, Гомельская гарадзкая выбарчая камісія не зарэгістравала кандыдатамі ў дэпутаты гарсавету 8 з 10 прадстаўнікоў АГП.
Да таго ж пасьля апублікаваньня ў мясцовай газэце сьпісаў кандыдатаў у дэпутаты выбарчыя камісіі пачалі нанова правяраць правільнасьць рэгістрацыі менавіта партыйных актывістаў.