У Бабруйску тры кандыдаты ад апазіцыі не былі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя саветы
Па збвестках belngo.info, праваабаронцу Ігару Ходзьку, сябру сойму Партыі БНФ, паведамілі, што ён не зарэгістраваны як кандыдат у дэпутаты ў мясцовыя саветы, паколькі дадзеныя з падатковай інспэкцыі былі прадастаўленыя з памылкамі. Валер Мацкевіч – намесьнік старшыні “Маладога Фронту” – і Максім Неафіт Буйніцкі, актывіст “Маладога Фронту” незарэгістраваныя з прычыны таго, што больш за 15 адсоткаў пададзеных подпісаў нібыта несапраўдныя. Напачатку Максіму Неафіту Буйніцкаму ў вуснай форме паведамілі, што ён не зарэгістраваны, бо “подпісы сабраныя адной рукой”. Пасьля на запатрабаваньне прыйшоў ліст з выбарчай камісіі, дзе гаварылася, што ён падаў на рэгістрацыю больш за 15 адсоткаў несапраўдных подпісаў. Намесьнік старшыні “Маладога Фронту” Валер Мацкевіч распавёў, што ён разам са сваёй ініцыятыўнай групай абыйшоў больш за палову кватэр на выбарчым участку. “Разам са мной на участку балятуюцца дзьве жанчыны. Адна з іх – ад улады. Думаю, што ўлады горада пабачылі, якую працу мы правялі з насельніцтвам і проста пазбавіліся ад непажаданага канкурэнта. Што тычыцца подпісаў, то, зразумела, мы падавалі правераныя подпісы з дакладнымі дадзенымі. Паколькі падлік галасоў ня мае сэнсу, выбарчую кампанію варта было скарыстоўваць для агітацыі і інфармаваньня насельніцтва, – заўважае спадар Мацкевіч. – Мы не выпадаем з палітычнага працэсу, бо плянуем удзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сіл, які павінен хутка адбыцца, – дадае намесьнік старшыні “Маладога Фронту” . Мясцовыя выбары па многіх акругах Бабруйска пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Да прыкладу, мэр горада спадар Бандарэнка па сваёй акрузе зарэгістраваны адзіным кандыдатам.