Магілёўская вобласць: дэбаты адбудуцца толькі ў 4 з 13 выбарчых акругаў
У Магілёўскай вобласці дэбаты кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адбудуцца толькі ў чатырох выбарчых акругах з трынаццаці. Адзіная сельская акруга, дзе кандыдаты будуць выказваць твар у твар уласныя меркаванні наконт сітуацыі ў сваёй акрузе і ў краіне – Шклоўская выбарчая акруга № 90.
Удзельнічаць у дэбатах па Шклоўскай выбарчай акрузе будуць толькі кандыдаты ў дэпутаты ад дэмакратычных партый – намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і сябар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Зінаіда Мілешчанка. Кандыдат у дэпутаты, намеснік старшыні КДК краіны Аляксандр Агееў ад удзелу ў дэбатах са сваімі апанентамі адмовіўся, сказаўшы, што не бачыць неабходнасці размаўляць з “з прадстаўнікамі такіх партый. Я не бачу ў гэтым здаровага сэнсу”.
Па словах кандыдата ў дэпутаты Рыгора Кастусёва, запіс тэледэбатаў адбудзецца 3 жніўня ў 10-00. Пасля гэтага будуць запісаны і радыёдэбаты.
“Час іх выхаду ў эфір пакуль не вызначаны, - кажа Рыгор Кастусёў. – З Зінаідай Мілешчанка мы ідзём не як супернікі, а як саюзнікі, і грэх не выкарыстаць яшчэ адну магчымасць выказаць і данеці да выбаршчыкаў наша бачанне сітуацыі ў краіне. Адмову ж Агеева можна пакінуць толькі на яго сумленні”.
Усяго ў Магілёўскай вобласці адбудуцца 4 запісы тэле- і 3 запісы радыёдэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Акрамя Шклоўскай выбарчай акругі № 90, удзел у дэбатах прымуць кандыдаты ў дэпутаты Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акругі № 84, Магілёўскай-Цэнтральнай № 85 і Магілёўскай-Прамысловай № 87.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”