viasna on patreon

У Гомелі мясцовыя транспартныя арганізацыі з парушэньнем працоўнага заканадаўства пазбаўляюцца ад кіроўцаў – сяброў Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці

2006 2006-12-19T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Услед за дзяржаўнымі прадпрыемствамі да гэта спрычыніліся і некаторыя прыватныя транспартнікі, паведаміла Радыё Свабода. Пра гэта сьведчыць і гісторыя кіроўцы Аляксандра Яўсейчука.

Пасьля вымушанага звальненьня з аўтобуснага парку №1 Аляксандру Яўсейчуку ўдалося ўладкавацца на маршрутную таксоўку да прыватнага прадпрымальніка Пятра Калацэя. Але ненадоўга. Распавядае сам кіроўца, сябра незалежнага прафсаюзу спадар Яўсяйчук: “Прыйшоў прадпрымальнік Калацэй, спытаў: “Што там у цябе за праблемы з аўтобусным паркам? Ты там судзісься”? Я адказваю: “Суджуся. А што такое, у чым справа”? “А справа ў тым, што ты звольнены”, – і аддаў мне працоўную кніжку”.

Тады кіроўца зьвярнуўся ў рэгіянальнае прадстаўніцтва незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці. Там яму дапамаглі падрыхтаваць позву ў суд на незаконнае звальненьне.

Днямі суд Савецкага раёну прызнаў, што Яўсяйчук звольнены незаконна. Гаспадар прадпрыемства абавязаны сплаціць кіроўцу кампэнсацыю за вымушаны прагул і нанесеную маральную шкоду.

Яўсячук лічыць, што звальненьне яго адбылося не без уплыву кіраўніцтва аўтапарку №1. Камэрсанты-транспартнікі залежаць ад аўтапрадпрыемства. Тут штодня праводзяць тэхнічны дагляд прыватных маршрутных таксовак, дазваляюць альбо забараняюць працаваць на лініі. Таму далёка ня кожны гаспадар можа пярэчыць аўтапарку.

“Не даюць нікуды ўладкавацца. Ідзе сапраўдная дыскрымінацыя, менавіта як чальцоў незалежнага прафсаюзу”, – лічыць звольнены кіроўца Аляксандр Яўсяйчук.

Аўтапарк мэтадычна пазбаўляецца ад чальцоў незалежнага прафсаюзу. Са сьнежня не працягнуты кантракты адразу тром сябрам РЭПу. Двум з іх, Андрэю Баранаву ды Івану Маскаленку, дырэкцыя аўтапарку сплаціла кампенсацыю за парушэньне ўмоваў кантрактаў. Аднак кіроўцы ўсё яшчэ ня могуць уладкавацца на працу. Ім даюць зразумець, што такія прынцыповыя нідзе і нікому не патрэбны.

У сваю чаргу Аляксандр Яўсяйчук працягвае судзіцца з аўтапаркам. Цягам сямі месяцаў пасьля звальненьня аўтапарк ня можа вярнуць працоўную кніжку: маўляў, некуды зьнікла. А ў выдадзенай узамен ня ўлічаны яго папярэдні працяглы стаж.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства