У Калінкавічах дэбатаў не будзе: кандыдат Удодаў не захацеў
У сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў кандыдаты ў дэпутаты могуць праводзіць тэлевізійныя дэбаты. Аднак Калінкавіцкая акруговая выбарчая камісія паведаміла, што тут дэбатаў не будзе, таму што кандыдаты ў дэпутаты адмовіліся ад гэтага.
Падчас дэбатаў кандыдаты могуць не толькі данесці свае погляды да выбаршчыкаў, але і задаць крытычныя пытанні канкурэнтам. Чаму калінкавіцкія кандыдаты адмовіліся ад такой, здавалася б карыснай формы агітацыі? Пытанне пра гэта – кандыдату Віктару Назаранку (кіраўнік раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет”).
– На паседжанні акруговай выбарчай камісіі, калі нас зарэгістравалі кандыдатамі, старшыня камісіі запытаў: ці будзеце вы ўдзельнічаць у тэледэбатах? Кандыдат Аляксандр Удодаў адказаў, што ён не будзе. А мне дэбатаваць толькі з трэцім кандыдатам – які сэнс? Таму і я адмовіўся, – кажа Віктар Назаранка.
Дарэчы, трэці кандыдат – прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Кулік з Гомеля – увогуле не прысутнічаў на паседжанні камісіі.
Кандыдат Аляксандр Удодаў (на здымку), які не захацеў выступіць у тэледэбатах перад калінкавіцкімі выбаршчыкамі, таксама жыве ў Гомелі – ён начальнік Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”