Віцебскага сябра КХП БНФ затрымалі за ўлёткі пра байкот
Пётар Сарапеня распаўсюджваў
на Полацкім кірмашы ўлёткі «Ня будзь скотам», дзе гаварылася пра
байкот будучых парлямэнцкіх выбараў. 100 улётак у яго забралі
міліцыянты ў Чыгуначным РАУС. Паводле спадара Сарапені, яго затрымалі
амапаўцы, забраўшы ўлёткі ў кагосьці зь мінакоў:
«Я, вядома, улётак ім не даваў. Аднак я не адмаўляў, што
раздаваў такія ўлёткі. Мяне завезьлі ў Чыгуначны РАУС, там былі ўжо пачалі
складаць пратакол. Але прыйшоў нехта з начальства, і ў мяне
проста ўзялі тлумачэньні. Міліцыянты запісалі, нібыта я раздаваў улёткі,
„дзе адлюстроўвалася апазыцыя супраць беларускай улады“. Але я дапісаў
сваёй рукой, што гэта ўлёткі „супраць антыбеларускай улады“,
бо ў Беларусі зьневажаецца родная мова і забараняецца агітацыя
за байкот выбараў, якія КХП БНФ лічыць фарсам».
Міліцыянты забралі ў Пятра Сарапені ўсе ўлёткі, іх аказалася роўна
100. Абяцалі аддаць праз тыдзень. На думку актывіста, супрацоўнікі міліцыі
будуць высьвятляць, дзе такія ўлёткі друкуюць і хто аддаў загад
іх распаўсюджваць.