Барысаў: ЦВК не зарэгістравала вылучэнца ад АГП
Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў
рэгістрацыі вылучэнцу ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, старшыні Барысаўскай
гарадской арганізацыі АГП Міхаілу Васільеву.
Міхаілу Васільеву было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ПП НС па
Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе No.63 усувязі
з тым, што ў дэкларацыі аб даходах ён не пазначыў наяўнасць прычэпа
да аўтамабіля.
«Я быў упэўнены, што ЦВК прызнае маю правату і зарэгіструе мяне кандыдатам, - распавядае Васільеў. - Справа ў тым, што паводле Пастановы No.103 ад 20 лістапада 2003 года, вызначаецца спіс транспартных сродкаў, якія падлягаюць дэклараванню. У гэты спіс уваходзяць аўтамабілі, аўтобусы, трактары і матацыклы з аб'ёмам рухавіка больш за 50 кубічных сантыметраў. Ніякіх прычэпаў там няма. Аднак ЦВК не прыняў гэта да ўвагі. Ярмошына спыталася ў мяне, маўляў, навошта вам кандыдатам рэгістравацца, калі вы ўсё роўна збіраецеся здымаць сваю кандыдатуру перад выбарамі. Я адказаў: гэта маё канстытуцыйнае права. Я хацеў мець зносіны з выбаршчыкамі і данесці да іх сваю пазіцыю ».
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»