Бацькаўшчына захавае юрыдычны адрас
Гаспадарчы суд Менску адмовіў прадпрыемству “Менская спадчына” ў пазове аб скасаваньні дамовы арэнды зь Міжнародным грамадзкім аб’яднаньнем “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Такое рашэньне вынесла судзьдзя Гаспадарчага суда г. Менска Алена Мельнікава. На судовым паседжаньні зачыталі толькі выніковую частку рашэньня. Далейшыя дзеяньні “Бацькаўшчыны” будуць залежаць ад матывацыі, на падставе якой вынесьлі судовае рашэньне. Матывацыйнай часткі на судзе не зачытвалі, яе абодва бакі атрымаюць поштай. У прэс-службе “Бацькаўшчыны” адзначылі, што ніякіх дзеяньняў кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня да таго часу, пакуль ня прыйдзе афіцыйны ліст пастановы з суда, ня будзе прымаць. Да таго ж “Менская спадчына” мае права ў дзесяцідзённы тэрмін абскардзіць рашэньне суда.
Нагадаем, “Менская спадчына” лічыць, што дамова з “Бацькаўшчынай” павінна быць скасаваная, бо будынак па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15, дзе разьмяшчалася міжнародная арганізацыя, знаходзіцца на рэканструкцыі. Прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” сьцьвярджаюць, што для гэтага няма падставаў: аб’яднаньне пакінула памяшканьні на час правядзеньня рамонтных работаў і не перашкаджае рэканструкцыі будынку. Да таго ж, ёсьць пастанова Савету Міністраў ад 1992 году аб судзеяньні “Бацькаўшчыне” згодна зь якой гэтае памяшканне грамадзкая арганізацыя атрымала ў арэнду тэрмінам на 25 гадоў, - паведамляе www.belngo.info.