Калінкавіцкі раён: у большасці вёсак пікеты не дазволены
Са 130 населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна толькі ў 20 дазволена праводзіць агітацыйныя мерапрыемствы па-за памяшканнямі. Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і іх давераныя асобы не могуць арганізаваць перадвыбарчыя сходы, мітынгі ці пікеты ў астатніх вёсках, у тым ліку ў трох цэнтрах сельсаветаў.
Калінкавіцкі райвыканкам сваім рашэннем вызначыў, што агітацыйныя мерапрыемствы па-за памяшканнямі можна ладзіць у Калінкавічах на трох пляцоўках. Адна пляцоўка для гэтых мэтаў вызначана ў гарадскім пасёлку Азарычы. Кандыдаты ў дэпутаты могуць таксама прыехаць у 18 вёсак.
З вясковых населеных пунктаў, дзе агітацыйныя мерапрыемствы на вуліцы дазволены, 16 – гэта цэнтры сельскіх Саветаў. Увогуле, усе пляцоўкі ў вёсках, якія вызначаны для гэтых мэтаў, “прывязаны” да сельскіх дамоў культуры ці падобных устаноў.
У пералік вёсак, дзе дазваляецца весці перадвыбарчую агітацыю па-за памяшканнем, не патрапілі тры цэнтры сельсаветаў: вёскі Бярозаўка, Гарочычы і Якімавічы.
Як правіла, перадвыбарчую агітацыю па-за памяшканнем ладзяць прадстаўнікі дэмакратычных сіл. Кандыдаты ад улады аддаюць перавагу адміністрацыйнаму рэсурсу – правядзенню сустрэч з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах. І менавіта ў вёсках, дзе амаль адсутнічаюць недзяржаўныя крыніцы інфармацыі, апазіцыйным кандыдатам складаней за ўсё данесці сваю агітацыю да выбаршчыкаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”