viasna on patreon

Прысуд былому суддзі адмянілі

2006 2006-12-14T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суду 13 снежня адмяніла прысуд Светлагорскага раённага суду аб пакаранні былога суддзі Сяргея Ярашэвіча за абразу суддзяў з Рагачова. 4 лістапада С.Ярашэвіч з Жлобіна быў асуджаны на два гады выпраўленчых прац з утрыманнем у прыбытак дзяржавы 20% зарплаты па прысудзе суддзі Светлагорскага раённага суду Наталлі Белайчук.

Падставай для крымінальнага пераследу С.Ярашэвіча стаў ягоны запіс у кнізе заўваг і прапаноў Рагачоўскага суду. Ён параўнаў рагачоўскіх суддзяў Уладзіміра Саламейчука і Мікалая Рубісава з суддзямі 1937 года, якія нібы “робяць судзілішча па прынцыпе: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца”.

Рагачоўскія суддзі ўвесну цяперашняга года па чарзе разглядалі даволі заблытаную крымінальную справу супраць С.Ярашэвіча, які абвінавачваўся ў хуліганстве з нанясеннем лёгкіх цялесных пашкоджанняў былому супрацоўніку жлобінскай міліцыі. У апошняга з былым суддзёй склаліся непрыязныя бытавыя адносіны. Рагачоўскія суддзі прызналі С.Ярашэвіча вінаватым і аштрафавалі на 3,1 млн. рублёў. Пасля гэтага С.Ярашэвіч і зрабіў запіс у кнізе заўваг і прапаноў. У выніку – новая крымінальная справа аб абразе рагачоўскіх суддзяў, якая разглядалася ўжо ў Светлагорскам судзе.

На калегіі абласнога суду С.Ярашэвіч паведаміў, што суддзі з Рагачова праігнаравалі ягонае хадайніцтва, сказілі паказанні сведкаў, адхілілі заўвагі на пратакол судовага паседжання. “Мяне, юрыста, асудзілі на падставе прававога беззаконня, – заявіў С.Ярашэвіч. – Запіс у кнізе заўваг з’явіўся актам абурэння”.

Прадстаўнік дзяржаўнага абвінаваўцы з абласной пракуратуры Андрэй Лагуновіч настойваў на тым, што С.Ярашэвіч абразіў суддзяў. Кніга заўваг, па меркаванні супрацоўніка пракуратуры, прызначаная для публічнага карыстання, яе чытаюць іншыя грамадзяне. Калегія, аднак, адмяніла пакаранне. “Гэта хоць нейкая надзея на аб`ектыўнасць і непрадузятасць суду, – заявіў БелаПАН С.Ярашэвіч. – Запіс я рабіў не з мэтай абразы суддзяў, а каб надаць увагу таму беззаконню, якое дзеюць суддзі ў дачыненні да некаторых абвінавачаных”.

Крымінальную справу супраць С.Ярашэвіча аб абразе рагачоўскіх суддзяў, узбуджаную абласной пракуратурай, будзе ізноў разглядаць суд Савецкага раёна Гомеля.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства