Ларысу Шчыракову адпусьцілі зь міліцыі
Петрыкаўкая міліцыя 25 жніўня правярала, што здымала журналістка Ларыса Шчыракова на этнакультурным фэсце «Покліч Палесься».
У затрыманай на II этнакультурным фэсце «Покліч Палесься» ў аграгадку Ляскавічы
Петрыкаўскага раёну сяброўкі Беларускай асацыяцыі журналістаў з Гомелю Ларысы Шчыраковай міліцыя
правярала відэаздымкі.
З слоў журналісткі, міліцыя сьцьвярджала, што для відэаздымкаў на масавым
мерапрыемстве патрэбна акрэдытацыя.
Шчыракова:
«Я ім патлумачыла, што здымала як фізычная асоба, прыватны
чалавек, сябра ў тым ліку й краязнаўчай арганізацыі. Мяне цікавіць
побыт палешукоў, лапці, строі і ўсё такое. Усё гэта зьбіраюся зьмясьціць
на сваёй старонцы на Youtube — мне не патрэбная
акрэдытацыя».
З Шчыраковай у райаддзеле міліцыі гутарыў намесьнік начальніка Андрэй
Буйскі. Паводле ягоных слоў, Шчыракову затрымалі таму, што яна
«праводзіла незразумелыя відэаздымкі, таму й разьбіраемся, што гэта
за здымкі».
А 17:22 Ларыса Шчыракова паведаміла па тэлефоне, што
ў яе ўзялі тлумачэньне — і адпусьцілі. Відэакасэту
не канфіскоўвалі, здымкаў не выдалялі, пратакол
не складалі.