Праваабаронцу Уладзімеру Малею адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у Маларыцкі раённы Савет дэпутатаў
13 сьнежня стала вядома, што Маларыцкая раённая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 25 скліканьня адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам дзеючаму дэпутату Маларыцкага раённага Савету дэпутатаў Уладзіміру Малею. Сцьвердзілі, што некаторыя выбаршчыкі, якія падпісаліся за вылучэньне кандыдатам Уладзіміра Малея, адклікалі свае подпісы, што дало камісіі падставы адмовіць У.Малею ў рэгістацыі.
Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін: “Я таксама вылучаюся кандыдатам у дэпутаты шляхам збору подпісаў. Калі асабіста сустракаўся з выбаршчыкамі і збіраў подпісы. Заўважыў, што некаторыя падпішчыкі пішуць дату выкарыстоўваючы рымскія цыфры. У той сама час у “Арганізацыйна-прававых пытаньнях працы тэрытарыяльных і акруговых камісіяў…”, выдадзеных ЦВК, дакладна прапісаны момант впісваньня даты і подпісу выбаршчыкам, у згаданых прыкладах варыянту з рымскімі цыфрамі няма. Адпаведна я і мая ініцыятыўная група прасіла падпісчыкаў ставіць дату арабскімі цыфрамі. Знайшоўся шэраг грамадзян, якія наўмысна пісалі месяц рымскімі цыфрамі. Я добра ведаю акругу дзе пражываю, і ведаю, што “крыжаносцы” гэта пераважна дзеючыя ці адстаўныя прадстаўнікі “сілавых” і выканаўчых структур. Здаючы на праверку свае падпісныя лісты я мусеў выкрэсліць “крыжаносцаў” як неадпавядаючых патрабаваньням ЦВК. Я не першы раз займаюся зборам подпісаў і мне ўжо адмаўлялі ў рэгістрацыі з-за “несапраўднасьці” подпісаў. Набыты досьвед дае мне падставы мяркаваць, што менавіта подпісы “крыжаносцаў” адбіраюцца дзеля праверкі на прадмет “сапраўднасьці”.
У сітуацыі з Уладзімірам Малеям, я мяркую, быў выкарыстаны метад “крыжаносцаў”, зараз ягоны канкурэнт будзе балятавацца на выбарах на безальтэрнатыўнай аснове. Улады чарговы раз ашукалі Беларусаў маларытчыны, стварылі чарговы выбарчы фарс, як за Савецкім часам: “Выбары без выбару!””