На Аршаншчыне кандыдаты ад "вертыкалі" і ЛДПБ адмаўляюцца ад правядзення дэбатаў
Новаўвядзенні ў Выбарчы кодэкс прадугледжваюць магчымасць арганізацыі дэбатаў паміж кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Здавалася б, каму як ні вылучэнцам ад палітычных партый гэта дае шырокія магчымасці для прапаганды сваіх ідэй і прыцягнення новых прыхільнікаў ва ўласныя шэрагі. Як аказалася, на справе ўсё выглядае зусім не так.
Кандыдат у дэпутаты па Аршанскай Дняпроўскай акрузе Мікалай Дзямідаў ад "Справядлівага свету" напісаў заяву на правядзенне дэбатаў. Аднак "дэбатаваць" яму будзе не з кім. Прадстаўнікі ЛДПБ Ларыса Рэзаева і Партыі працы і справядлівасці Наталля Лапіцкая ад дэбатаў дружна адмовіліся. Не пагадзіўся на ўдзел у іх і старшыня Аршанскага райвыканкама Уладзімір Дзедушкін.
Такая ж карціна па Лепельскай акрузе № 23. Тут ад дэбатаў неадкладна і рашуча адмовіліся кандыдат ад ЛДПБ Мікіта Мядзведскі і старшыня Лепельскага райвыканкама Пётр Шыкшнян. Прадстаўнік БНФ Х.Жэляпаў быў бы не супраць паўдзельнічаць у дэбатах, ды атрымліваецца не з кім.
Назіральнікі лічаць, што прадстаўнікі мясцовай улады і ЛДПБ ці то баяцца ўдзелу ў дэбатах, ці то проста ім няма чаго сказаць сваім выбаршчыкам.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"