Гарадзенскі журналіст арыштаваны на 7 сутак
Супрацоўнік журнала “Magazyn Polski” Аляксей Салей 13 снежня прысуджаны судом Ленінскага раёна Гародні да 7 сутак арышту. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў актывіст саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут.
Аляксей Салей быў затрыманы ўчора ўвечар супрацоўнікамі міліцыі. Паводле Анджэя Пачобута, журналіст выйшаў ненадоўга з рэдакцыі, дзе праходзіла вёрстка часопіса, і ў гэты момант быў затрыманы. Салея абвінавацілі ў парушэнні двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях – 156 (дробнае хуліганства) і 166 (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі).
У судзе сведкамі выступалі супрацоўнікі міліцыі, якія сцвярджалі, што журналіст нібы “нецэнзурна выказваўся”. Сведкаў з боку падсуднага, якія прысутнічалі падчас затрымання журналіста, у залу суда не пусцілі.