Сёння можа вырашыцца лёс беларускага палітуцекача ў Эквадоры
Палітычнаму ўцекачу з Беларусі Аляксандру Баранкову пагражае пазбаўленне статусу палітуцекача ў Эквадоры і экстрадыцыя ў Беларусь. Сёньня суд у сталіцы Эквадору Кіта можа вырашыць яго лёс.
Washington Post паведамляе, што
ў Беларусі Баранкова абвінавачваюць у махлярстве і вымагальніцтве. Сам
жа ён сьцьвярджае, што выявіў доказы ўдзелу высокапастаўленых
чыноўнікаў, у тым ліку сваякоў Аляксандра Лукашэнкі, у кантрабандзе
нафтапрадуктаў.
Газэта нагадвае, што ў кастрычніку 2011 году Нацыянальны суд Эквадору
адмовіў уладам Беларусі ў выдачы Баранкова. Сытуацыя зьмянілася
напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў гэтую краіну.
Газэта адзначае, што палітыка Эквадору істотна зьмянілася пасьля прыходу да ўлады прэзыдэнта Рафаэля Карэа, краіна стала разьвіваць гандлёвыя і палітычныя сувязі з супернікамі ЗША, у тым ліку зь Іранам, Расеяй і Кітаем.
Службовая асоба ў Нацыянальным судзе заявіла, што ўжо ў аўторак
Нацыянальны суд можа пазбавіць беларуса статусу ўцекача. Тады
канчатковае рашэньне аб тым, ці варта аддаваць яго Лукашэнку, будзе
прымаць прэзыдэнт Эквадору.
Учора кіраўнік прэсавай службы КДБ Беларусі Аляксандар Антановіч
паведаміў нашаму радыё, што Баранкоў спачатку працаваў у Першамайскім
РУУС Менска апэратыўнікам. Потым перайшоў працаваць у Дзяржаўны памежны
камітэт. На яго заведзена крымінальная справа па трох артыкулах
Крымінальнага кодэксу: падбухторваньне ў дачы хабару, атрыманьне хабару
і махлярства:
«Ён займаўся вымаганьнем хабару. На кожнага прадпрымальніка знаходзілі
нейкі кампрамат, казалі: маўляў, у дачыненьні да вас праводзяцца
захады... І казалі: калі вы хочаце, каб справу закрылі, заплаціце нам
грошы. У выніку некалькі сотняў тысяч даляраў ён выпатрабаваў такім
чынам. Таму што эпізод не адзін быў, а эпізодаў было шмат».
Эквадорская сяброўка Баранкова Мабэль Андрадэ сказала
нашаму карэспандэнту, што ў Беларусі Баранкоў працаваў
у падразьдзяленьні па барацьбе з карупцыяй. Калі ён сутыкнуўся зь ціскам
з боку ўладаў, ён прачытаў у інтэрнэце, што беларусам не патрэбная віза
ў Эквадор. Ён накіраваўся туды, але празь некалькі месяцаў беларускі
ўрад накіраваў запыт пра яго выдачу. Баранкоў на кароткі час патрапіў
за краты, але эквадорскія ўлады адхілілі хадайніцтва Менску і 23 чэрвеня
2010 году ён атрымаў статус палітычнага ўцекача.
Мабэль Андрадэ правягвае:
«Паводле ўсіх нацыянальных і міжнародных законаў Аляксандар цяпер
зьяўляецца палітычным уцекачом і ня можа быць выдадзены. Я спадзяюся,
што будзе прынятае справядлівае рашэньне і што суд ня выдасьць яго, што
Эквадор будзе абараняць яго, як абараняў два мінулыя гады, і што
палітычны ціск не паставіць пад пагрозу ягоны статус палітычнага
ўцекача».
Паводле яе, Баранкоў жыў у Эквадоры два мінулыя гады, спрабаваў
працаваць у рэкляме. Яна кажа, што справа аб выдачы Баранкова аднавілася
напярэдадні візыту ў Эквадор кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Адвакат уцекача Фэрнанда Лара распавядае падрабязнасьці:
«Калі 9 жніўня былі слуханьні ў справе Баранкова, у Эквадоры былі
прадстаўнікі беларускага ўраду. Яны паведамілі на судовым пасяджэньні,
што вялі перамовы ў міністэрстве замежных справаў і ў адміністрацыі
прэзыдэнта і што яны выказвалі пратэсты супраць захаваньня за Баранковым
статусу палітычнага ўцекача. Гэтая справа — палітычныя, гэта відавочнае
наступства пагадненьня аб эканамічным супрацоўніцтве паміж Беларусьсю
і Эквадорам, падпісанага ў канцы чэрвеня».
Калі адвакат Лара на судзе спрабаваў распавесьці пра жорсткасьці, якія
практыкуе праваахоўная сыстэма Беларусі, і што Баранкову давядзецца
зазнаць у выпадку яго выдачы, пачуў у адказ ад суду, што яго аргумэнты —
«сьмецьце зь інтэрнэту».
Мабэль Андрадэ кажа, што ёй не дазволілі прынесьці Баранкову лекі ў турму, яна перадала яму антыбіётыкі ў шкарпэтках.
Абарона беларускага палітуцекача падала скаргу ў Міжамэрыканскую камісію
па правах чалавека. Аднак рашэньні гэтага аўтарытэтнага органу маюць
толькі рэкамэндацыйны характар для дзяржаў-удзельніц камісіі, ў тым ліку
і для Эквадору.