Супрацоўнікі міліцыі праводзілі аперацыю “Перехват” у Мінску ў Міжнародны дзень правоў чалавека
10 сьнежня напярэдадні запланаванай акцыі салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным і іншымі палітзьняволенымі на Кастрычніцкай плошчы, ля сядзібы БНФ міліцыянтамі ў цывільным быў затрыманы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аляксей Кароль. “Ідзе аперацыя “Перехват”. Вы падобны да таго, хто скраў аўтамабіль”, – заявілі палітыку ў міліцэйскім пастарунку Савецкага раёну. Пасьля таго, як акцыя салідарнасьці была жорстка разагнаная сілавікамі, Аляксей Кароль быў адпушчаны.
Ля сядзібы БНФ таксама былі затрыманыя моладзевыя актывісты Франак Вячорка, Максім Велімовіч і Сяргей Карповіч, на якіх склалі адміністратыўны пратакол па арт. 172.3 КаАП -- распаўсюд друкаванай прадукцыі, зьмест якой наносіць шкоду дзяржаўнаму ладу, правам і законным інтарэсам грамадзянаў. Гэткай шкоднай інфармацыяй супрацоўнікі міліцыі палічылі даклад сьпецдакладчыка ААН па Беларусі Адрыяна Севярына. Адміністратыўныя пратаколы будзе разглядаць адміністратыўная камісія, санкцыі па дадзеным артыкуле прадугледжваюць штраф да 5 базавых адзінак.