Таварыства «Веды» правядзе ў Гомелі працу па «інфармацыйна-ідэалагічнаму» забеспячэнню выбараў
Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне «Беларускае таварыства «Веды» правядзе ў Гомелі шэраг лекцый, дыскусій і семінараў па «інфармацыйна-ідэалагічнаму» забеспячэнню выбараў. Кіраўніцтва абласнога аддзялення Таварыства «Веды» разаслала кіраўнікам прадпрыемстваў і старшыням участковых камісій прапанову правесці «карпаратыўныя адукацыйныя семінары» на тэму працы назіральнікаў і членаў участковых камісій. Кошт семінара – 1,2 мільёна рублёў.
Таксама сябры Таварыства «Веды» правядуць на прадпрыемствах і арганізацыях шэраг лекцый па «інфармацыйна-ідэалагічнаму забеспячэнню выбараў». Прычым тэматыка лекцый тычыцца не толькі непасрэдна выбараў (заканадаўства, прававых аспектаў), а і такіх пытанняў, як будаўніцтва АЭС, і «Што нам даюць дэмакратыя і галоснасць», «Па шляху стабільнасці і прагрэсу», «Праграма адраджэння вёскі». Раскажуць лектары аўдыторыі і пра Пасланне прэзідэнта народу і парламенту, якое прагучала 8 мая, і пра дасягненні беларускай эканомікі.
Дарэчы, на сайтах раённых выканкамаў Гомельскай вобласці ў рубрыцы «Выбары-2012» з'явіліся даклады на тэму «Гомель: ад выбараў да выбараў», ці «Жлобін: ад выбараў да выбараў». Там у яскравых колерах апісваецца пра дасягненні ўлады за апошнія гады: будаўніцтва кватэр, новых аб'ектаў, адкрыццё новых вытворчасцяў, рост заробкаў, падтрымку шматдзетных, інвалідаў, і нават пра дасягненні ў вобласці культуры і спорту.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”